«У аб’ектыве – моладзь!»

12–13 снежня ў моладзевай сталіцы Беларусі 2019 года – горадзе Оршы – адбыўся Нацыянальны студэнцкі форум «У аб’ектыве – моладзь!», які сабраў каля 170 студэнтаў з розных ВНУ краіны. Форум наведала і дэлегацыя Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна: прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Васільеўна Сакалова, студэнт III курса гістарычнага факультэта, член грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь Мацвей Швед, магістрант геаграфічнага факультэта, пасол Мэтаў устойлівага развіцця Валерыя Гаспадарова, студэнт II курса філалагічнага факультэта, адміністратар афіцыйнай універсітэцкай групы Укантакце «Я люблю БрДУ» Ілья Агрэніч.

Адкрыў мерапрыемства Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Ён адзначыў, што студэнцкая моладзь Беларусі – гэта разумныя, таленавітыя, адукаваныя маладыя людзі, якія сваёй добрай вучобай, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, творчай, спартыўнай і добраахвотніцкай дзейнасцю ўносяць значны ўклад у развіццё нашай дзяржавы. Пасля слоў з пажаданнямі Ігар Карпенка разам з пераможцамі конкурсу «Блогасфера 1.0» даў старт першаму моладзеваму YouTube-каналу Беларусі. Далей адбыўся адкрыты дыялог Міністра адукацыі з удзельнікамі форуму, дзе абмяркоўваліся пытанні, што маюць адносіны да развіцця вышэйшай адукацыі, студэнцкага спорту, удзелу моладзі ў грамадскай дзейнасці, стварэння неабходных умоў для фарміравання і развіцця лідарскіх якасцяў, ролі студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэтах і інш.

Напрыканцы дыялога Ігар Васільевіч адзначыў, што моладзь павінна працягваць лепшыя традыцыі старэйшых пакаленняў. Таксама ён пажадаў навучэнцам новых вучэбных, навуковых, творчых адкрыццяў і перамог, каб у новым 2020 годзе студэнцтва Беларусі дабілася яшчэ большых поспехаў у рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі.

Праграма двух дзён форуму была насычанай і разнастайнай. Для студэнтаў правялі розныя майстар-класы: «Стварэнне і прасоўванне іміджавых відэаролікаў устаноў вышэйшай адукацыі», «Размяшчэнне якаснага кантэнту на платформах «Instagram», «YouTube». Была арганізавана работа лідараў у творчых групах:

  • напісанне сцэнарыяў відэаролікаў;
  • здымачны працэс і яго асаблівасці;
  • рэжысура і мантаж відэаролікаў.

Удзельнікі груп падчас здымак відэаролікаў у розных жанрах (забаўляльны, адукацыйны і інш.) атрымалі вялікі практычны вопыт і шмат станоўчых эмоцый, бо не кожны дзень ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі аператара, сцэнарыста і нават рэжысёра.

Для прарэктараў па выхаваўчай працы былі арганізаваны метадычныя семінары «Прававыя асновы выкарыстання інтэрнэт-прасторы» і «Сучасныя тэхналогіі медыякамунікацый».

Завяршыўся форум пасяджэннем грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзе былі прадэманстраваны знятыя відэаролікі і арганізавана абмеркаванне канцэпцыі развіцця моладзевага YouTube-канала «Аб’ектыў, але…».

Студэнты БрДУ імя А. С. Пушкіна падзяліліся ўражаннямі:

Мацвей Швед:

– Больш за ўсё запомніліся атмасфера адкрытасці, дружалюбнасць удзельнікаў і арганізатараў, дынамічнасць і змястоўнасць мерапрыемстваў, захапляльнасць майстар-класаў.

Ілья Агрэніч:

– Гэта важны вопыт, было вельмі цікава і карысна для мяне як для будучага спецыяліста-філолага. Дзякую кіраўніцтву ўніверсітэта за магчымасць прыняць удзел у такім значным для студэнцкай моладзі мерапрыемстве, а таксама арганізатарам – за магчымасць праявіць сябе і даведацца шмат новага.

Ілья Агрэніч
(філалагічны факультэт)

Падзяліцца: