У адзінстве наша сіла

13 красавіка 2016 года Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна наведала дэлегацыя Кіеўскай гарадской арганізацыі Прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Украіны і прадстаўнікі прафсаюзных камітэтаў студэнтаў і работнікаў вышэйшых навучальных устаноў Украіны (Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.П. Драгаманава, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта будаўніцтва і архітэктуры, Кіеўскага нацыянальнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Нацыянальнага ўніверсітэта харчовых тэхналогій).

У межах сустрэчы ўкраінскія госці з выступлення намесніка старшыні Брэсцкага абласнога камітэта галіновага прафсаюза А.А. Драпей даведаліся пра структуру Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, яго дасягненні, узроўні развіцця калектыўна-дагаворных адносін.

Членаў дэлегацыі зацікавілі пытанні, звязаныя з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе і навуковай працы. На іх адказалі прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.Я. Будзько і прарэктар па выхаваўчай і сацыяльнай працы, кандыдат педагагічных навук Т.В. Сакалова.

Аб сацыяльным партнёрстве прафсаюзных арганізацый і ўніверсітэта, асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнай абароны навучэнцаў і работнікаў і, самае галоўнае, аб канкрэтных момантах выканання ўмоў калектыўнага дагавора ўкраінскім гасцям расказалі старшыні прафсаюзных камітэтаў студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта Р.В. Чуль і Л.Б. Чэлышава.

Р.В. Чуль,
старшыня прафкама студэнтаў

Падзяліцца: