У БрДУ адбылася сустрэча рэктара са студэнтамі, прымеркаваная да Года навукі

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, 15 мая 2017 года ў нашым універсітэце прайшла сустрэча рэктара БрДУ Г.М. Сендзер са студэнтамі, якія ўваходзяць у банк дадзеных адоранай моладзі, а таксама з прадстаўнікамі навуковых таварыстваў і перспектыўным кадравым рэзервам.

Сустрэча з рэктарам праходзіла ў фармаце дыялогу. Ва ўступным слове Ганна Мікалаеўна нагадала, што ў гэтым годзе Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на прыцягненні ў навуку моладзі і павышэнні прэстыжу вучонага ў Беларусі. Таксама рэктар расказала аб сучаснай сістэме адукацыі і структуры акадэмічнай навукі ў нашай краіне.

Шмат увагі было нададзена абмеркаванню работы навуковых таварыстваў на факультэтах. Лідары гэтых аб’яднанняў прыцягваюць студэнтаў да навукі, а таксама праводзяць сходы, дзе абмяркоўваюць праблемы ў гэтай сферы. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што трэба стварыць універсітэцкае навуковае таварыства студэнтаў.

Адказваючы на пытанне аб якасцях, якімі павінен валодаць сучасны навуковец, рэктар універсітэта адзначыла, што галоўная задача педагога – спачатку навучыць вучня, а потым вучыцца ў яго самому. Дасягненню гэтага спрыяюць доказнасць, лагічнасць і аб’ектыўнасць у навукова-даследчай дзейнасці, а таксама працавітасць. Ганна Мікалаеўна пераканана, што кожны настаўнік павінен быць педагогам-даследчыкам, таму што трэба праяўляць ініцыятыву і ўносіць новыя формы і метады ў працэсе навучання.

Многія пытанні студэнтаў датычыліся поглядаў Ганны Мікалаеўны на сучасную навуку і яе асабістага шляху ў гэтай сферы. Яна падрабязна расказала пра няпростыя крокі на гэтай сцяжыне, пра тое, што любіць чытаць лекцыі, таму што студэнты зараджаюць сваёй энергетыкай, а прыкладам для пераймання лічыць вучонага-энцыклапедыста М.В. Ламаносава.

На сустрэчы таксама выступілі прарэктар па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова і прарэктар па навуковай працы А.Я. Будзько. Таццяна Васільеўна расказала аб магчымасцях падтрымкі маладых навукоўцаў у Беларусі, а Аляксандр Яўгенавіч прадставіў даклад аб развіцці навукі ў БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне дыпломамі і кубкамі студэнтаў, якія паказалі найбольш высокія вынікі ў навукова-даследчай дзейнасці.

На заканчэнне сустрэчы Ганна Мікалаеўна пажадала ўсім поспехаў, высокіх вынікаў на сесіі і добрага адпачынку летам.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: