У БрДУ адбылася ўрачыстая лінейка да Дня ведаў

Лінейка для першакурснікаў «Дарогамі мiру і стварэння да вяршыняў ведаў» адбылася ў БрДУ імя А.С. Пушкіна 1 верасня. Прывітанне рэктара і гасцей, уручэнне падарункаў факультэтам і канцэртная праграма стварылі ўрачысты настрой у Дзень ведаў.

Пралогам да ўрачыстасці стала выступленне народнай вакальнай студыi «Ступені» з песняй «Беларусь незалежная», бо студэнты першага курса пачынаюць шлях у прафесію ў Год міру і стварэння, а гэта накладвае падвойную адказнасць: добра вучыцца, каб у будучыні сваёй працай услаўляць унiверсiтэт і родную краіну.

На лінейцы ганаровага права падняць сцяг універсітэта пад гукі гімна БрДУ былі ўдастоены першакурснікі Анастасія Паўлава, прызёр трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі па Брэсцкай вобласці, і Павел Свірскі, прызёр трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі па Брэсцкай вобласці.

Побач са студэнтамi ў буднi і святы мудрае кіраўніцтва навучальнай установы і вопытныя педагогі. «Наш універсітэт мае шматгадовыя традыцыі, якія нам з вамі трэба будзе развіваць і ўмацоўваць, – адзначыў Юрый Пятровіч, звяртаючыся да першакурснікаў. – Вы прыйшлі ў БрДУ, свядома зрабіўшы выбар, каб стаць прафесіяналамі. У гэтым вам дапамогуць педагогі, адданыя сваёй справе. Ва ўніверсітэце склаўся ўнікальны калектыў выкладчыкаў. Ваша задача – успрыняць, усвядоміць і прапусціць праз сябе ўсе веды, якімі яны будуць дзяліцца з вамі, сфарміраваць навыкі і ўменні. Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для развіцця і фарміравання асобы. Разам з тым памятайце, што брэсцкая зямля – гэта сімвал стойкасці нашага народа. Шануйце мір, які заваявалі нашы продкі вельмі дарагой цаной».

Сардэчна павіншаваў першакурснікаў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Красоўскі. Мікалай Васільевіч выказаў упэўненасць у тым, што многія навучэнцы ў будучым звяжуць свой лёс менавіта з Брэстам, і пажадаў першакурснiкам быць дастойнымі людзьмі сваёй краіны.

У першы асеннi дзень першакурснікі адкрылі новую старонку ў сваім жыцці. Яна абавязкова будзе насычанай і цікавай. Студэнтам прадставілі фоталетапіс універсітэта, які захоўвае знакавыя падзеі студэнцкага жыцця. Цяпер ужо новым першакурснікам трэба будзе напаўняць наступныя старонкі альбома. Усім дэканам рэктар уручыў чатырохгадовыя календары з фотаздымкамi, якія адлюстроўваюць яркія моманты будняў БрДУ.

Урачыстую лінейку завяршыла музычная кампазіцыя «Беларусь – гэта мы», таму што ў БрДУ імя А.С. Пушкіна выкладчыкі, супрацоўнікі і навучэнцы з’яўляюцца аднадумцамі ў імкненні спасцігаць новае і тварыць на карысць роднай краіны і ўніверсітэта.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: