У БрДУ адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму жаночаму дню

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка ва ўніверсітэце адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных прадстаўніцам прыгожага полу.

Вялікі канцэрт для работнікаў універсітэта і студэнцтва прайшоў напярэдадні свята ў актавай зале. Па традыцыі першай далі віншавальнае слова рэктару Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна пажадала ўсім добрага настрою, поспехаў, дабрабыту і прыступіла да ўзнагароджання супрацоўніц універсітэта. Уручаючы граматы, яна адзначыла лепшыя прафесійныя якасці кожнага работніка, а таксама падкрэсліла, як гэта прыемна, калі ў калектыве так шмат людзей, гатовых працаваць дзеля росквіту ўніверсітэта. Затым студэнты павіншавалі прысутных музычнымі і танцавальнымі выступленнямі, задаўшы тым самым пазітыўны настрой.

Значнымі сталі і прыёмы рэктарам дэканаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў універсітэта, а таксама супрацоўніц з ліку шматдзетных маці, маці-адзіночак і жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Яны прайшлі 6 і 7 сакавіка.

На першым мерапрыемстве Ганна Мікалаеўна павіншавала прысутных мужчын з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а жанчын – з Міжнародным жаночым днём. Да віншаванняў далучыліся і студэнты: з іх вуснаў прагучалі ўсімі любімыя песні.

На другім прыёме Ганна Мікалаеўна пагутарыла з супрацоўнікамі за чаяваннем, яшчэ раз павіншавала іх з 8 Сакавіка, пажадаўшы дабрабыту, поспехаў, радасці, і ўручыла падарункі. А добры перадсвяточны настрой стварала вакальнае трыа «Рух».

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: