У БрДУ адбылося мерапрыемства «Гадзіна пра самае галоўнае», прысвечанае рэпрадуктыўнаму здароўю

28 красавіка 2017 года ў рамках сацыяльнага праекта «Здаровае пакаленне» ў нашым універсітэце адбылося мерапрыемства «Гадзіна пра самае галоўнае», што прайшло ў фармаце «адкрытага мікрафона». Мерапрыемства, асноўная мэта якога – пашырэнне ведаў студэнтаў у галіне рэпрадуктыўнага здароўя, было арганізавана БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Адкрыла сустрэчу педагог-псіхолаг сацыяльна-псіхалагічнай і педагагічнай службы Наталля Ануфрыкава. Яна адзначыла важнасць фарміравання ў студэнтаў усвядомленых адносін да свайго здароўя і да выхавання дзяцей.

На мерапрыемстве студэнты пагутарылі з работнікамі ўстаноў аховы здароўя: Ларыса Дзянісава расказала пра рэпрадуктыўнае здароўе, Уладзіслаў Прэцкайла – аб прафілактыцы ўжывання псіхаактыўных рэчываў, Аляксандр Круковіч – аб прафілактыцы ІППШ, Дзмітрый Аляхновіч – аб прафілактыцы ВІЧ/СНІД. Спецыялісты, адказваючы на пытанні студэнтаў, праінфармавалі іх аб лячэбна-прафілактычных мерапрыемствах пры планаванні цяжарнасці, аб негатыўных наступствах п’янства, алкагалізму і наркаманіі для арганізма будучых бацькоў, а таксама прывялі статыстыку па абортах. Акрамя гэтага, увага студэнтаў была прыцягнута да электронных рэсурсаў, дзе можна знайсці карысную інфармацыю пра рэпрадуктыўнае здароўе.

Пасля заканчэння мерапрыемства студэнты падзякавалі спецыялістам за важную інфармацыю.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

 

Падзяліцца: