У БрДУ ўспамінаюць ахвяр трагедыі Хатыні

22 сакавіка 2018 года адзначаецца 75-годдзе трагедыі Хатыні. Беларусь успамінае страшную трагедыю Вялікай Айчыннай вайны – па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты. Наш універсітэт не стаў выключэннем.

Студэнты сацыяльна-педагагічнага і гістарычнага факультэтаў ў гэты дзень пабывалі ў Мінску на моладзевым дыскусійным сімпозіуме «Чалавечнасць ў гады бесчалавечнасці», на якім наведалі гутаркі, круглыя сталы і іншыя пляцоўкі, дзе ўзгадвалі ахвяр Хатыні, агрэсіі, нацызму. Затым яны адправіліся ў сам мемарыяльны комплекс на мітынг-рэквіем. У журботным звоне званоў Хатыні, іх металічным плачы гучаў боль: боль страты, жаночых слёз і туга маці.

Самым значным унутрыўніверсітэцкім мерапрыемствам, якое было прысвечана трагедыі Хатыні, стала Вахта Памяці «Рэквіем па Хатыні» на гістарычным факультэце. Студэнты і выкладчыкі на аснове пошукава-даследчай работы падрыхтавалі прэзентацыі на тэмы «Арол – сястра Хатыні: гісторыя спаленай вёскі», «Я з вогненнай вёскі», «Памятаць, каб жыць: успаміны тых, хто выжыў» і іншыя. Таксама ўдзельнікі Вахты Памяці пазнаёміліся з новымі зборнікамі навуковай літаратуры, прысвечанымі Хатыні, і паглядзелі дакументальны фільм «Каты Хатыні». Вынікам мерапрыемства стала дыскусія, на якой абмяркоўвалася вострае пытанне спрычыненасці іншых народаў да трагедыі Хатыні. Акрамя таго, у рамках работы дыскусійнага клуба факультэта адбудзецца дыскусія, прысвечаная абмеркаванню фільма «Ідзі і глядзі» Э. Клімава.

На юрыдычным факультэце адбылася сустрэча студэнтаў з ветэранам вайны Алегам Седзелем. Алег Якаўлевіч успомніў суровыя гады, адказаў на пытанні і завяшчаў берагчы мір.

Іншыя факультэты нашага ўніверсітэта таксама аддалі даніну памяці ахвярам Хатыні: адбыліся куратарскія гадзіны «Хатынь – вечны сімвал памяці і смутку», гутаркі са студэнтамі «Трагедыя вогненных вёсак», а на ўніверсітэцкіх сценах былі размешчаны плакаты, якія сведчаць аб памяці і ведах моладзі пра тую падзею.

Выстава «…Хатыні звон – не развітальны звон, не ціхі звон, а набатны звон…», падрыхтаваная бібліятэкай нашай альма-матар, сабрала мноства гледачоў з ліку студэнцтва і выкладчыкаў. Некаторыя адкрылі для сябе невядомыя факты пра страшныя падзеі, якія адбыліся 22 сакавіка 1943 года.

22 сакавіка сёння – дзень урачысты і трагічны адначасова. Моладзь нашага ўніверсітэта шануе памяць загінуўшых у агні Вялікай Айчыннай вайны, памятае пра трагічныя падзеі і ведае, што мірнае жыццё – гэта каштоўны дар.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: