У Брэсце прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды-2017 па лёгкай атлетыцы

10-12 мая 2017 года на спартыўнай базе дзяржаўнай установы «Абласны спартыўны комплекс “Брэсцкі”» прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды-2017 па лёгкай атлетыцы. Арганізацыя спаборніцтваў у нашым горадзе дала студэнтам факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта выдатны шанец папрактыкавацца ў судзействе спаборніцтваў такога ўзроўню, паглядзець на лепшых спартсменаў нашай краіны і падтрымаць сваіх таварышаў, нягледзячы на надвор’е. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 414 студэнтаў-спартсменаў з 28 устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь: 10 майстроў спорту міжнароднага класа, 68 майстроў спорту, 95 кандыдатаў у майстры спорту, 114 спартсменаў І разраду і 78 – II разраду.

Праграма спаборніцтваў уразіла гледачоў сваёй разнастайнасцю. На працягу двух дзён нашы юнакі і дзяўчаты спаборнічалі: у эстафетным бегу 4*100 м і 4*400 м, спартыўнай хадзьбе на 5000 м і 10000 м, бегу з бар’ерамі на 100 м, 110 м і 400 м, бегу на 100 м, 200 м, 400 м, 800 м, 1500 м, 5000 м, 10000 м, бегу з перашкодамі на 3000 м, трайным скачку, скачках у даўжыню, у вышыню і з шастом, штурханні ядра, кіданні дыска, молата і кап’я, а таксама у шматбор’і.

Па выніках фінальных спаборніцтваў універсіяды БрДУ імя А.С. Пушкіна заняў чацвёртае месца, саступіўшы Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту фізічнай культуры, Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя І.П. Шамякіна і Віцебскаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту.

Спартсмены і спартсменкі нашага ўніверсітэта 12 разоў падымаліся на п’едэстал гонару:

  • І месца ў кіданні кап’я – Халадовіч Таццяна,
  • І месца ў кіданні молата – Малышчык Ганна,
  • І месца ў бегу на 5000 м – Радзяюк Карына,
  • II месца ў бегу на 10000 м – Радзяюк Карына,
  • II месца ў бегу на 110 м з бар’ерамі – Зданевіч Арсеній,
  • II месца ў спартыўнай хадзе на 5000 м – Саханевіч Марына,
  • III месца ў спартыўнай хадзе на 10000 м – Саханевіч Марына,
  • III месца ў спартыўнай хадзе на 5000 м – Гнядзько Кацярына,
  • III месца ў спартыўнай хадзе на 5000 м – Струнец Віталь,
  • III месца ў спартыўнай хадзе на 10000 м – Струнец Віталь,
  • III месца ў бегу на 100 м з бар’ерамі – Ігнацюк Вікторыя,
  • III месца ў штурханні ядра – Халадовіч Таццяна.

Годна выступілі і астатнія члены зборнай каманды ўніверсітэта: некаторыя спыніліся за крок ад медалёў, заняўшы 4-е месца, некаторыя крыху горш, але ніхто не апусціўся ніжэй за 7-е месца. Паводле слоў галоўнага суддзі спаборніцтваў, суддзі нацыянальнай катэгорыі, загадчыка кафедры плавання, лёгкай атлетыкі і лыжнага спорту нашага ўніверсітэта Аляксандра Васільевіча Шарова і трэнера каманды, старшага выкладчыка кафедры Аляксея Іванавіча Шуцеева, цяпер нашы спартсмены маюць вялікі патэнцыял і гатовы годна прадстаўляць БрДУ на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Пажадаем жа рабятам лёгкіх стартаў і ўпэўненых перамог!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: