У гасцях у казкі

У самы чароўны час года (з 2 снежня 2017 года да 14 студзеня 2018 года) студэнты геаграфічнага і біялагічнага факультэтаў нашага ўніверсітэта трапілі ў самую сапраўдную казку – у Белавежскую пушчу.

Геаграфія гасцей Белавежскай пушчы ўражвае: Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Германія, Францыя, Японія і многія іншыя краіны. Сюды прыязджаюць дарослыя і дзеці, і кожны з верай у цуд і навагодняе чараўніцтва. Пабываўшы ў пушчы аднойчы, вы захочаце вярнуцца сюды яшчэ і яшчэ раз. У гэтым пераканаліся і нашы студэнты, калі на пэўны час пераўвасобіліся ў казачных герояў у Маёнтку беларускага Дзеда Мароза. Кожны з іх стаў часцінкай гэтага чароўнага свету. Хтосьці парадніўся з Бабуляй Ягой і ў час знаходжання ў казцы стаў Бабуляй Карготай, хтосьці – сваяком самага Дзядулі Мароза, ператварыўшыся ў старэйшую дачку Сцюжаньку або ўнучку Снягурачку, а хтосьці – самым сапраўдным героем з вядомых усім казак: Алёшу Паповіча, Васілісу Цудоўную, Алёнушку, Кашчэя Бяссмяротнага.

Кожны са студэнтаў-памочнікаў спраўляўся са сваёй роляй па-асабліваму. Імкнучыся знайсці падыход да кожнага госця, яны аддавалі ўсё сваё цяпло, клопат, увагу і чары. Дарыць людзям чары і атрымліваць у адказ ўсмешку – што можа быць лепшым?

Гэта вопыт зносін з рознымі людзьмі, які дапамагае весці сябе правільна ў самых розных сітуацыях. Цяпер студэнты з гонарам могуць сказаць, што яны знаёмы і сябруюць з Дзедам Марозам, з яго жонкай Матухнай Зімой, з іх цудоўнымі дочкамі Мяцеліцай і Завірухай, з самым пазітыўным пасечнікам Васілём, з гаспадыняй чароўнага млына Марфай, з Насценькай з казкі «12 месяцаў», з добрым духам белавежскага лесу Лесуном і памочнікамі Дзеда Мароза – Ямелем, Янкам і Сняжынкай.

Другая група студэнтаў працавала ў Музеі прыроды Белавежскай пушчы. Падчас займальных экскурсій для гасцей музея студэнты атрымалі неацэнны вопыт у зносінах з людзьмі, навучыліся правільна паводзіць сябе на публіцы і адказваць нават на самыя каверзныя пытанні.

З музея выходзіць з дваістымі пачуццямі. З аднаго боку, гонар за тое, што не ўсякая краіна можа пахваліцца такой разнастайнасцю. З другога – выразнае ўсведамленне таго, што многім біялагічным відам патрабуецца дапамога і ахова.

Студэнты не толькі праводзілі экскурсіі, але і самі станавіліся экскурсантамі. Яны пабывалі на аглядавай экскурсіі па Белавежскай пушчы, якая зрабіла на іх вялікае ўражанне.

Кожны студэнт пакінуў у Белавежскай пушчы часцінку сябе з вялікай надзеяй вярнуцца сюды яшчэ раз. Гэта незвычайнае месца, пабываўшы ў якім, з’язджаць не захочацца. Нашы студэнты падзяліліся сваімі ўражаннямі пра гэта месца:

«Маёнтак беларускага Дзеда Мароза – гэта сапраўды казачнае месца. Яно прыўнесла ў маё жыццё новыя знаёмствы і людзей, з якімі я хацеў бы бачыцца зноў і зноў, паставіла для мяне новыя мэты, якіх я абавязкова даб’юся. І тыя эмоцыі, якія ты бачыш у вачах дзяцей і дарослых, тое цяпло, якое напаўняе цябе, калі дзіця шчыра абдымае цябе і верыць у твайго персанажа, усё гэта проста немагчыма перадаць словамі», – Аляксей Крывашэй.

«Час, праведзены ў пушчы, я не лічу патрачаным дарма... Я атрымала шмат уражанняў, масу эмоцый, шмат новых знаёмстваў, зносін з цікавымі і разумнымі людзьмі, а таксама велізарны, бясцэнны вопыт працы. Хочацца выказаць вялізную падзяку нашаму дэкану Ірыне Васільеўне Абрамавай і кіраўніцтву Белавежскай пушчы за атрыманую магчымасць пабываць у такім цудоўным месцы, запаведным кутку нашай краіны – Белавежскай пушчы!!!» – Вераніка Капуза.

«Казка ўвайшла ў наша жыццё аднойчы і засталася ў ім назаўжды. Гэта была самае сапраўднае маленькае жыццё, у якім былі і ўзлёты, і падзенні. Але нават калі і было цяжка, побач заўсёды было надзейнае сяброўскае плячо. Мы сталі адной вялікай дружнай сям’ёй, якой усё па плячы. Час праляцеў, нібы адно імгненне, але ён яшчэ доўга будзе ўспамінацца кожным з нас. Маёнтак падараваў кожнаму з нас нешта большае, чым бясцэнны вопыт. Ён падарыў кожнаму з нас веру ў цуды», – Кацярына Балабановіч.

«Гэта быў сапраўды цудоўны час!!! Нам пашчасціла ўбачыць Белавежскую пушчу знутры, прачуць гэта месца, як ніхто іншы, напоўніць свае сэрцы радасцю, шчасцем і эмоцыямі. Працаваць у такім цудоўным месцы, і што вельмі важна, у згуртаваная калектыве – вялікі гонар для нас і атрыманне неацэннага вопыту!» – Ганна Баўкуновіч.

«Пушча застанецца ў нашых сэрцах назаўжды. Бо менавіта тут мы атрымалі бясцэнны вопыт і набылі новыя знаёмствы!» – Юлія Дубінка.

«Як жа ўсё-такі прыемна аддаваць часцінку сябе людзям, дарыць ім казку і бачыць іх шчаслівыя твары! Гэта час, праведзены ў пушчы, мы не забудзем ніколі!» – Дар’я Рычко.

Студэнты выказваюць вялікую ўдзячнасць за атрыманую магчымасць працы ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» дэкану геаграфічнага факультэта Ірыне Васільеўне Абрамавай, дэкану біялагічнага факультэта Таццяне Віктараўне Нічышынай, кіраўніцтву Белавежскай пушчы ў асобе намесніка генеральнага дырэктара па турысцка-гандлёваму абслугоўванню Ніне Мацвееўне Богуш. Асаблівая ўдзячнасць студэнтаў людзям, якія заўсёды былі побач і аказвалі неабходную дапамогу і падтрымку: Шкурдай Людміле Уладзіміраўне і Грачанік Людміле Фёдараўне.

Набыты вопыт работы і незабыўныя ўражанні ад знаходжання ў Белавежскай пушчы застануцца з намі на ўсё жыццё. Спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва!

Балабановіч Кацярына, геаграфічны факультэт

Падзяліцца: