У цэнтры ўвагі – замежныя мовы

11 красавіка 2017 года ў нашым універсітэце адбыўся гала-канцэрт «Тэрыторыя талентаў», які падсумаваў Тыдзень замежных моў, што праходзіў з 29 сакавіка па 7 красавіка. Мэта любога прадметнага тыдня – зацікавіць, стварыць прастору навуковаму і творчаму пошуку, даць студэнтам магчымасць правесці час цікава і з карысцю. Арганізатар тыдня і гала-канцэрта – кафедра замежных моў – падрыхтавала для студэнтаў нямоўных спецыяльнасцей праграмы мерапрыемстваў, якія дазволілі студэнтам даведацца больш пра краіны вывучаемай мовы, паказаць свае веды, праявіць творчыя здольнасці і пазнаёміцца з культурамі іншых народаў.

Тыдзень замежных моў стартаваў з рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь і славянскі свет у інтэлектуальным кантэксце часу», якая ўжо ў чацвёрты раз праводзіцца сумесна з кафедрай гісторыі славянскіх народаў. Штогод аргкамітэт канферэнцыі атрымлівае артыкулы з розных універсітэтаў Беларусі, а самыя значныя працы друкуюцца ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі. Даследуючы гісторыю, культуру і традыцыі славянскага свету, удзельнікі канферэнцыі маюць шырокі выбар рабочых моў, сярод якіх – беларуская, руская, украінская, польская, англійская, нямецкая, французская і іспанская.

У рамках тыдня замежных моў прайшоў конкурс «Litera Scripta», які дапамог вызначыць лепшых перакладчыкаў прафесійных тэкстаў сярод студэнтаў нямоўных спецыяльнасцей. Студэнты атрымалі магчымасць прымерыць да сябе ролю перакладчыка, паказаць свой узровень валодання мовамі і пераканацца ў тым, што пераклад тэксту – працэс творчы і цікавы.

Вывучэнне замежных моў можа і павінна мець розныя формы. Арганізатары тыдня замежных моў прадэманстравалі адзін з самых цікавых і эфектыўных спосабаў, запрасіўшы ўсіх ахвотных… у кіно. Вядома, усе фільмы, паказаныя ў рамках сустрэч дыскусійнага клуба «Сінема парк», былі на замежных мовах – англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай.

Дарэчы, любіцелі іспанскай мовы змаглі не толькі прыняць удзел у розных мерапрыемствах прадметнага тыдня, але і двойчы пагутарыць з носьбітамі мовы. Студэнты нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у анлайн-сустрэчы са студэнтамі ўніверсітэта Сарагосы (Іспанія). Равеснікі падзяліліся інфармацыяй аб сваіх універсітэтах і абмеркавалі асаблівасці студэнцкага жыцця дзвюх краін. Сапраўдным падарункам для студэнтаў, якія вывучаюць іспанскую мову, стала сустрэча з кумірам аматараў футбола – гульцом брэсцкага «Дынама» Леанарда Торэсам і яго сям’ёй. Аўтар аднаго з галоў у сенсацыйнай перамозе «Дынама-Брэст» над камандай БАТЭ расказаў удзельнікам мерапрыемства пра родную краіну Аргенціну і пра свае ўражанні ад Беларусі і Брэста, а таксама адказаў на пытанні тых, хто цікавіцца футболам.

Акрамя пазнавальных мерапрыемстваў па краіназнаўстве, веданні традыцый і звычаяў краін вывучаемай мовы, культуразнаўчых прэзентацый і пазнавальных сустрэч, студэнты паўдзельнічалі і ва ўніверсітэцкай алімпіядзе па замежных мовах для нямоўных спецыяльнасцей «Эрудыт». Прызёры турніру пазмагаюцца за перамогу са знаўцамі замежных моў Брэсцкай вобласці на рэгіянальным этапе алімпіяды.

Арганізатары тыдня замежных моў не абышлі ўвагай тэму творчасці. На паэтычным конкурсе «Пачуй голас сэрца» знатакі высокага стылю прадэманстравалі свой талент дэкламацыі вершаў на замежных мовах. А конкурс эсэ «Якім я бачу мой універсітэт у будучыні» стаў спробай пяра для студэнтаў, якія прапанавалі самыя смелыя ідэі наконт таго, як нашаму ўніверсітэту стаць яшчэ лепшым.

У мерапрыемствах Тыдня змаглі паўдзельнічаць і тыя, хто толькі марыць аб запаветным студэнцкім білеце і плануе звязаць сваё жыццё з замежнымі мовамі. Навучэнцы брэсцкіх ліцэяў, гімназій і сярэдніх школ сталі прызёрамі конкурсу перакладчыкаў «Litera Scripta», гарадской алімпіяды па сучаснай камп’ютарнай англійскай мове сярод магістрантаў, студэнтаў і навучэнцаў школ, а таксама гарадскога конкурсу літаратурнага перакладу «UniVerse».

Завяршыўся Тыдзень замежных моў вялікім гала-канцэртам «Тэрыторыя талентаў», у якім прынялі ўдзел студэнты ўсіх факультэтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, а таксама выкладчыкі і госці з іншых ВНУ, ліцэяў, гімназій і сярэдніх школ Брэста. З прывітальным словам да прысутных звярнулася прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Васільеўна Сакалова, якая падкрэсліла важнасць усебаковага развіцця асобы будучага спецыяліста і неабходнасць валодання замежнымі мовамі для паспяховай прафесійнай дзейнасці. Падводзячы вынікі Тыдня замежных моў, арганізатары ўзнагародзілі дыпломамі пераможцаў алімпіяд і конкурсаў, праведзеных у рамках Тыдня.

Вольга Лебедзева,
кафедра замежных моў

Падзяліцца: