У зімовым садзе гучыць французская мова

БрДУ імя А.С. Пушкіна актыўна супрацоўнічае з краінамі заходняй Еўропы, ЗША і Азіі ў межах праграм мабільнасці студэнтаў і абмену выкладчыкамі. Толькі ў гэтым навучальным годзе наш універсітэт наведалі выкладчыкі з Германіі, ЗША, Іспаніі і Францыі. Студэнты і магістранты з Бельгіі, Германіі, Польшчы праходзяць навучанне на базе нашага ўніверсітэта.

28 кастрычніка выкладчыкі ўніверсітэта Бардо-1 доктар Ліліян Маршан (Францыя, эколаг) і доктар Рэес Ганзалес Сентэна (Іспанія, біяхімік) прачыталі лекцыі для студэнтаў біялагічнага факультэта. У той жа дзень французскія госці прынялі ўдзел у міжфакультэцкім вучэбна-метадычным семінары выкладчыкаў і студэнтаў «Бардо-1: асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў межах міжнароднай праграмы мабільнасці студэнтаў». Семінар быў арганізаваны кафедрай замежных моў для студэнтаў біялагічнага, геаграфічнага, гістарычнага, філалагічнага факультэтаў і факультэта фізічнага выхавання, якія вывучаюць французскую мову.

Студэнты геаграфічнага факультэта пазнаёмілі гасцей з горадам Брэстам і яго славутасцямі, падрыхтаваўшы маляўнічую прэзентацыю пра родны горад. Удзельнікі семінара распыталі гасцей пра спецыфіку іх працы, пра асаблівасці адукацыйнага працэсу і студэнцкага жыцця ў Францыі. Музычным падарункам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы стала выступленне Мікалая Вабішчэвіча, студэнта факультэта фізічнага выхавання, які выканаў цудоўныя беларускія песні. Увесь семінар праводзіўся на французскай мове, і студэнты атрымалі добрую практыку падрыхтаванай і спантаннай французскай мовы. Пасля семінара студэнты арганізавалі для гасцей экскурсію па зімовым садзе.

Кафедра замежных моў

Падзяліцца: