Удасканальваем прафесійнае майстэрства

27 красавіка 2017 года ў рамках рэалізацыі вучэбнага праекта «Белавежская пушча як экскурсійны аб’ект Беларусі» кафедра замежных моў па ініцыятыве загадчыка кафедры Ларысы Міхайлаўны Максімук і пры актыўнай падтрымцы дэкана геаграфічнага факультэта Ірыны Васільеўны Абрамавай правяла заняткі-практыкум на замежных мовах (англійская, іспанская, французская ) на базе дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Белавежская пушча».

Турыстычны маршрут па НП «Белавежская пушча» быў распрацаваны студэнтамі 3 курса спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» і ўключыў у сябе 11 асноўных турыстычных аб’ектаў Нацыянальнага парку.

Падчас падрыхтоўкі маршруту студэнты працавалі групамі па 3-4 чалавекі, апрацоўваючы матэрыял на трох замежных мовах пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў (Л.М. Максімук – іспанская мова, І.В. Поўх – англійская мова, Л.Я. Леванюк – французская мова).

Вынікі экскурсіі пераўзышлі ўсе чаканні: студэнты выдатна справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі, паказалі добрае валоданне другой вывучаемай замежнай мовай і набылі неабходныя практычныя навыкі працы ў якасці турыстычных гідаў.

Запрошаныя на экскурсію ў якасці турыстаў замежныя студэнты з Бангладэш і Пакістана, якія зараз вывучаюць рускую мову на падрыхтоўчым аддзяленні нашага ўніверсітэта, праявілі вялікую цікавасць да экскурсіі, задаўшы мноства пытанняў студэнтам, што выступалі ў ролі гідаў. Апошнія, у сваю чаргу, далі вычарпальныя адказы, што даказвае сур’ёзную падрыхтоўку, добрае валоданне інфармацыяй па Нацыянальным парку і, вядома ж, веданне замежнай мовы.

Такія мерапрыемствы з’яўляюцца каштоўным вопытам і выдатнай магчымасцю для студэнтаў паспрабаваць свае сілы ў будучай прафесіі і набыць карысныя навыкі зносін на замежнай мове.

Кафедра замежных моў

Падзяліцца: