Універсітэцкі конкурс «Каралева фітнесу»

21 снежня ў спартыўным комплексе БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў універсітэцкі конкурс «Каралева фітнесу». Да ўдзелу ў конкурсе былі дапушчаны ўсе зацікаўленыя студэнткі. Мерапрыемства праводзілася з мэтай папулярызацыі ў студэнцкім асяроддзі фітнесу ў прыватнасці і здаровага ладу жыцця праз фізічнае развіццё ў цэлым, а таксама для стымуляцыі навучэнцаў да ўдзелу ў культурным жыцці ўніверсітэта і для адбору студэнтак ва ўніверсітэцкую зборную па фітнесу.

Балельшчыкамі і гледачамі былі аднакурснікі ўдзельніц конкурсу. Самі дзяўчаты аказаліся на турніры ў роўным становішчы: ніхто з іх не меў прафесійнай падрыхтоўкі. Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі канкурсантак былі рытмічнасць і каардынацыя іх рухаў, а таксама здольнасць адаптавацца да незнаёмых рухаў. Справядлівае журы, прадстаўленае выкладчыцкім складам факультэта фізічнага выхавання, выбрала прызёраў у 5 намінацыях: галоўная пераможца, прыз глядацкіх сімпатый, першая і другая віцэ-міс, а таксама міс Грацыя. Імі сталі:

  • пераможца конкурсу + прыз глядацкіх сімпатый Курган Дар’я (гістарычны факультэт),
  • першая віцэ-міс Талстых Таццяна (геаграфічны факультэт),
  • другая віцэ-міс Карнялюк Таццяна (псіхолага-педагагічны факультэт),
  • міс Грацыя Асачук Аліна (фізіка-матэматычны факультэт).

Віншуем!

Кафедра фізічнай культуры

Падзяліцца: