Універсітэцкія дажынкі

Традыцыйна ў канцы кастрычніка Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна адзначае Дзень нараджэння. У гэтым годзе ўрачысты вечар, прысвечаны альма матэр, адбыўся 30 кастрычніка ў Цэнтры моладзевай творчасці.

Восень – пара збору ўраджаю, менавіта гэтай ідэяй і была абумоўлена тэма свята «Універсітэцкія дажынкі». Несумненна, гэты год стаў досыць прадуктыўным ва ўсіх накірунках працы – у навуковай, вучэбнай, творчай і, вядома ж, спартыўнай.

Ганаровыя знакі «За ўклад у развіццё Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна» рэктар, Ганна Мікалаеўна Сендзер, уручыла кандыдату педагагічных навук, дацэнту Лідзіі Васільеўне Шукевіч, кандыдату біялагічных навук, прафесару Маргарыце Пятроўне Жыгар, кандыдату фізіка-матэматычных навук, дацэнту Уладзіміру Сямёнавічу Костка. Гэтыя настаўнікі шмат гадоў працавалі на карысць нашай ВНУ і маюць за плячыма вялікі педагагічны стаж.

За асабісты ўклад у развіццё ўніверсітэта, умацаванне яго матэрыяльнай базы падзякай рэктара адзначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў.

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Л.А. Цупрык падзякаваў за значны ўклад у развіццё вобласці ў розных сферах яе жыццядзейнасці асобных нашых выкладчыкаў і ўручыў ім граматы і падзячныя лісты.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі выкладчыкі, якія дасягнулі значных поспехаў у навукова-даследчай, вучэбна-метадычнай працы, маладыя навукоўцы – кандыдаты навук, аспіранты, уладальнікі грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Удзячнасцю рэктара і падарункамі былі адзначаны таксама бацькі імянных стыпендыятаў.

Насычанай і разнажанравай была і канцэртная праграма свята. Парадавалі гледачоў удзельнікі вакальных, інструментальных і танцавальных калектываў універсітэта, а таксама госці: узорны ансамбль народнага танца «Крынічка» (кіраўнік І.С. Куцень) і аркестр беларускіх народных інструментаў УА БрДМК імя Р.Шырмы (кіраўнік А. Захарчук).

Падзяліцца: