Універсітэту ўручана прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці

13 красавіка 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, якую правёў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў. Камісія па прысуджэнні прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці прыняла рашэнне аб прысваенні звання лаўрэата 2016 года дзесяці арганізацыям рэспублікі, сярод якіх – Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна». Пацвердзілі званне лаўрэата 16 арганізацый, адна стала дыпламантам конкурсу, тры ўганараваны спецыяльнымі ўзнагародамі.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што 2016 год быў годам падвядзення вынікаў пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і годам старту новай пяцігодкі. У сувязі з гэтым арганізацыям важна было не толькі аб’ектыўна ацаніць свае дасягненні і прааналізаваць памылкі, дакладна вызначыць і распрацаваць стратэгію далейшага развіцця, але і стварыць задзел для выканання мэт новага пяцігадовага плана. Кіраўнік Урада адзначыў, што цяперашнія лаўрэаты конкурсу паспяхова справіліся з гэтай задачай.

Андрэй Уладзіміравіч канстатаваў, што ў мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці і павелічэння экспарту тавараў і паслуг Урадам зацверджаны комплекс мер на 2016-2020 гады па стымуляванні ўкаранення ў эканоміку рэспублікі перадавых методык і сучасных міжнародных сістэм кіравання якасцю. «У гэтым накірунку ўжо працуюць цяперашнія пераможцы» – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Кіраўнік Урада нагадаў, што 2017 год аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. «Адпаведны ўказ падпісаны Кіраўніком дзяржавы ў мэтах павышэння ролі навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, фарміраванні міжнароднага іміджу Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага капіталу», – сказаў ён.

Інавацыйная накіраванасць развіцця рэспублікі грунтуецца на айчынных распрацоўках, якія ствараюцца ў навуковых арганізацыях, у тым ліку ва ўстановах вышэйшай адукацыі. «Адказваючы патрэбам часу, цяперашнія лаўрэаты – Беларускі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, Брэсцкі ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна – актыўна далучаюць студэнтаў розных профіляў навучання да навуковых і даследчых работ. Гэта спрыяе фарміраванню сучасных спецыялістаў, праекціроўшчыкаў інавацыйнай прадукцыі, распрацоўшчыкаў прагрэсіўных тэхналогій», – канстатаваў Прэм’ер-міністр.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, які прымаў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, адзначыў выніковасць магістарскіх і дыпломных работ студэнтаў у галіне менеджменту якасці, якія таксама былі заахвочаны Урадам.

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці прадставілі рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер і начальнік аддзела кадраў універсітэта Алена Анатольеўна Баброва.

Конкурс на атрыманне прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці праводзіцца з 1999 года. Галоўнымі крытэрыямі ўдзелу ў ім з’яўляюцца дасягненне значных вынікаў у галіне забеспячэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, работ ці паслуг, пашырэнне рынкаў збыту, выкарыстанне прагрэсіўных метадаў менеджменту і сучасных тэхналогій, задавальненне запытаў спажыўцоў.

Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці з’яўляецца найвышэйшай узнагародай, якую можа атрымаць арганізацыя, што дасягнула значных поспехаў у выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і паслуг, авалодала высокаэфектыўнымі метадамі менеджменту і прагрэсіўнымі тэхналогіямі.

Віншуем калектыў работнікаў і навучэнцаў універсітэта з атрыманнем звання лаўрэата Конкурсу
і жадаем далейшых поспехаў у працы, прафесійных дасягненняў і ўдачы ва ўсіх творчых пачынаннях!

Прэс-цэнтр універсітэта

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстана інфармацыя з сайта www.belta.by

Падзяліцца: