Усіх сабрала адно імя…

Год 2017 багаты на вялікія даты: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-годдзе са дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы і, безумоўна, асаблівае для нашага ўніверсітэта свята – 95-годдзе са дня нараджэння прафесара Уладзіміра Калесніка. Выдатны беларускі пісьменнік і педагог, крытык, літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, Уладзімір Андрэевіч стаў сімвалам таленавітасці, натхнення, сур’ёзнай працы над сабой, вялікай адданасці сваёй справе і роднаму краю.

26 верасня наша альма-матар ператварылася ў вялікую гасцёўню для сапраўдных майстроў слова і думкі. У актавай зале ўніверсітэта адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Са словамі віншавання і падзякі да пісьменнікаў звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка. Ён адзначыў сімвалічнасць уручэння прэміі ў сценах БрДУ, таму што менавіта з нашым універсітэтам звязана трудавая дзейнасць Уладзіміра Андрэевіча. Алег Іванавіч звярнуў увагу і на тое, што ўдзельнікамі сустрэчы з’яўляюцца студэнты. На яго думку, гэта яскрава сведчыць пра пераемнасць пакаленняў. З віншавальным словам таксама выступіла начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава.

Кандытат філалагічных навук, дацэнт, член Савета па прысуджэнню прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама, загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ Уладзімір Сенькавец адзначыў: “Усіх нас у гэтай зале сабрала імя, постаць, пэўная традыцыя, пэўны сімвал не толькі філфака, універсітэта, горада, але і ўсёй нашай краіны – імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка”. Таксама ён прыгадаў Міколу Пракаповіча, Алеся Касько, Міхася Рудкоўскага, Міколу Купрэева, якія былі вучнямі Уладзіміра Калесніка і сталі лаўрэатами гэтай прэміі.

Конкурс кожны год даказвае сваё запатрабаванне і адкрывае грамадству новых таленатвітых аўтараў. Усе адзначалі, што вылучыць пераможцаў было цяжка. Лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама сталі:

  • у намінацыі “Проза”:
    • Фёдар Канстанцінавіч Саевіч (в. Ясень, Пружанскі раён) за кнігу прозы “Беловежская пуща: моя судьба, моя любовь”;
    • Анатоль Галушка (в. Магіліцы, Івацэвіцкі раён) за кнігу прозы “Яблычны спас”;
  • у намінацыі “Паэзія”:
    • Галіна Бабарыка (в. Мачуль, Столінскі раён) за кнігу паэзіі “Дарога ў восень”;
    • Настасся Нарэйка (г. Камянец) за кнігу паэзіі “Магдэбургскае права маёй душы”.

Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” была ўзнагароджана самая маладая пісьменніца, выпускніца філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта Алена Гневушава.

Напрыканцы пісьменнікаў і гасцей мерапрыемства павіншавалі юныя таленты горада: фіналістка адборачнага тура дзіцячага “Еўрабачання-2017Анастасія Цімафеевіч, пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Жывая класікаМілена Назарук, Марыя Сіманюк, Андрэй Алемкін і Маргарыта Чопка. Таксама са сцэны прагучалі яскравыя музычныя нумары ў выкананні студэнтаў і выпускнікоў нашага ўніверсітэта: Ірыны Замулка, Мікалая Вабішчэвіча, Кацярыны Граноўскай, Ксеніі Пухнарэвіч, Андрэя Пракапчука і Вольгі Маразюк. І гэта невыпадкова, бо літаратура і музыка цесна звязаны, яны дапамагаюць адлюстроўваць думкі і напаўняюць новымі эмоцыямі.

Таццяна Сільвестрава,
студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Журналістыка (друкаваныя СМІ)”

Падзяліцца: