V абласны фестываль маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Павер у сябе»

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаецца штогод 3 снежня, у Брэсцкім палацы культуры прафсаюзаў прайшоў V абласны фестываль маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Павер у сябе». Студэнты-валанцёры псіхолага-педагагічнага факультэта спецыяльнасці «Псіхалогія» прынялі ўдзел у фестывалі ў рамках работы філіяла кафедры псіхалогіі. Студэнты сумесна са спецыялістамі ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Брэста» прыдумалі сцэнарый мерапрыемства і развучылі яго з падапечнымі цэнтра, падрыхтавалі гульнявыя пляцоўкі, а таксама папрацавалі асістэнтамі на самым фестывалі.

Удзельнікаў фестывалю і гледачоў віталі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Вячаслаў Мятліцкі і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Брэста Сяргей Варонін. Запрошаны на сцэну настаяцель праваслаўнага прыхода ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» айцец Віктар пранікнёна і душэўна павіншаваў удзельнікаў, а таксама звярнуў увагу на тое, што дзеткі, якія знаходзяцца пад заступніцтвам Божым, выпраменьваюць радасць і шчасце, падкупляюць шчырасцю і сардэчнымі адносінамі да свайго акружэння.

Свята прынесла шмат дзіўных адкрыццяў. Перад пачаткам канцэртнай праграмы адбылася выстава работ падапечных тэрытарыяльных цэнтраў з усёй вобласці. Гледзячы на створанае дзецьмі, цяжка было паверыць, што яно было выраблена людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. А канцэртныя выступленні ўдзельнікаў фестывалю падарылі зарад аптымізму і прыемных уражанняў усім яго гасцям.

Валанцёрам было прыемна пачуць словы падзякі ад загадчыка аддзялення цэнтра А.Д. Кулявец. Аксана Дзмітрыеўна адзначыла якасную і зладжаную працу студэнтаў, іх дабрыню і жаданне дапамагаць.

Бачачы твары нашых студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у такіх святах, адчуваеш упэўненасць у тым, што, калі яны выйдуць са сцен універсітэта, іх не спалохаюць цяжкасці ў працы з асаблівымі дзеткамі. Спадзяёмся, што нашы будучыя выпускнікі не страцяць душэўнасць і чалавечнасць, змогуць натхніць навакольных і дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

Дэканат псіхолага-педагагічнага факультэта

Падзяліцца: