Ва ўладзе Палаца Незалежнасці: студэнты БрДУ на Першым Рэспубліканскім навагоднім балі

Элегантныя дамы ў пышных сукенках, галантныя кавалеры ў выгладжаных фраках і хараство Палаца Незалежнасці – у ліку амаль трох сотняў дзяўчат і хлопцаў на Першым Рэспубліканскім навагоднім балі, які адбыўся ў Мінску 28 снежня, студэнты нашага ўніверсітэта. Ксенія Громік (геаграфічны факультэт), Аліна Асачук (фізіка-матэматычны факультэт), Юлія Герасімава (псіхолага-педагагічны факультэт), Дзмітрый Крывалевіч (факультэт фізічнага выхавання) і Станіслаў Мароз (факультэт замежных моў) годна прадставілі БрДУ на свецкім прыёме.

Трохдзённая паездка ў сталіцу прынесла студэнтам шмат уражанняў, станоўчых эмоцый і падарункаў. Галоўны – сустрэча з прэзідэнтам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты баль – свайго роду падарунак яго ўдзельнікам за добрую вучобу. Таксама Аляксандр Лукашэнка даў наказ маладым людзям, падкрэсліўшы, што ўсе павінны памятаць пра сваю малую радзіму, бо больш, чым дома, іх нідзе не чакаюць. Напярэдадні навагодніх святаў ён пажадаў моладзі не баяцца ставіць грандыёзныя задачы i смела ісці да заваявання вяршыняў.

Баль праводзіўся ў фармаце дэбютантаў і ўключаў два аддзяленні. У класічнай частцы адухоўленыя дамы і кавалеры выканалі бальныя танцы. Па традыцыі баль адкрыўся ўрачыстым паланэзам, што надаў яму ўзвышанасць. Вальс, падэспань, падэграс і іншыя танцы – нашы студэнты бездакорна выканалі ўсе элементы. Другая частка балю была больш нязмушанай: танцы гарманічна спалучаліся з гульнямі і забавамі.

Жывая чароўная музыка, зіхаценне люстраў, бляск мармуровых падлог, прыгажосць дзяўчат і статнасць хлопцаў, знакамітыя госці – удзельнікі нацешыліся атмасферай вытанчанасці і элегантнасці, а таму ахвотна дзяліліся ўражаннямі.

Станіслаў Мароз:

– Палац Незалежнасці сустрэў нас сур’ёзнай аховай, асляпляльнымі заламі і цудоўным свецкім прыёмам, навагодні Мінск – прыгажосцю будынкаў і тысячай агнёў, тэатр – бліскучым спектаклем і прыгажуняй-елкай. Усё было выдатным, па-сапраўднаму чароўным! Брава арганізатарам, якія падарылі магчымасць наведаць гэтае мерапрыемства.

Ксенія Громік:

– Навагодні цуд, навагодні баль... Гэта такое шчасце напярэдадні самага чароўнага свята акунуцца ў казку. Дзякуй арганізатарам, кіраўніцтву вобласці і ўніверсітэта за магчымасць адчуць сябе сапраўднай прынцэсай.

Дзмітрый Крывалевіч:

– Ад імя ўсіх студэнтаў БрДУ выказваю падзяку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за магчымасць пабываць на такім цудоўным мерапрыемстве. Усё было незабыўным! Мора пазітыўных эмоцый і выдатны настрой наклалі свой адбітак на чароўную атмасферу, якая панавала ў Палацы.
Дзякуй кіраўніцтву Брэсцкай вобласці і кіраўніцтву БрДУ за тое, што сярод вялікай колькасці адораных і таленавітых маладых людзей менавіта мы былі ўганараваны прадстаўляць наш універсітэт. Дзякуй за цудоўнае навагодняе свята!

Прыемным бонусам да навагодняга балю стала наведванне Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатра, вячэра ў рэстаране і экскурсія па сталіцы. А самае дарагое – падарункі ад прэзідэнта.

Гэтыя пераднавагоднія дні падарылі адораным і таленавітым рабятам, іх блізкім і педагогам чарговую падставу для гонару.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: