Ва ўстойлівай будучыні разам: Валерыя Гаспадарова стала Моладзевым паслом Мэтаў устойлівага развіцця

Адным з Моладзевых паслоў Мэтаў устойлівага развіцця стала студэнтка 4-га курса геаграфічнага факультэта БрДУ Валерыя Гаспадарова. Дзяўчына атрымала гэтае званне за перамогу ў конкурсе «Моладзевыя паслы Мэтаў устойлівага развіцця – будучыня планеты ў нашых руках». Вынікі конкурсу былі падведзены ў Мінску 24 студзеня.

– Лера, чаму ты вырашыла прыняць удзел у гэтым конкурсе?

– Я студэнтка, для мяне вучоба – гэта выдатны спосаб для самарэалізацыі. У мяне актыўная грамадзянская пазіцыя, мне хочацца зрабіць свой уклад у развіццё нашай краіны. Упэўнена: ад выбару сучаснай моладзі залежыць, у якой будучыні будзе жыць наступнае пакаленне, а сумеснымі намаганнямі з іншымі пасламі атрымаецца палепшаць якасць жыцця.
У фінал конкурсу ўвайшлі 32 аўтары праектаў, якіх выбрала журы з 250 удзельнікаў. Усе сабраліся за вялікім сталом, дзе кожны на працягу пяці хвілін прадстаўляў праекты, прапаноўваючы аўдыторыі вузлавыя моманты сваіх ідэй.

– З якім праектам выступіла ты?

– Першапачаткова я выбрала мэту «Забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту для ўсіх у любым узросце». У працэсе працы я прыйшла да мэты «Ліквідацыя голаду, забеспячэнне харчовай бяспекі і паляпшэнне харчавання і садзейнічанне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі». Мы ўсе прывыклі да таго, што нам трэба пастаянна спяшацца. Таму мой заклік – свядома падыходзіць да свайго ладу жыцця і харчавання.
Не раз чула разважанні навакольных людзей пра шчаслівае жыццё. Неяк задумалася сама – і зразумела, што жыццё гуляе яркімі фарбамі, калі здаровыя мы самі і нашы блізкія. Я не па чутках ведаю, як складана кожны дзень змагацца са спакусамі сучаснага свету: проста смачнай, але шкоднай ежай, папулярным сярод моладзі маларухомым «інстаграмным» ладам жыцця. У мяне ўжо амаль чатыры гады адна з трох галоўных хвароб XXI стагоддзя – цукровы дыябет. Таму я магу смела гаварыць пра важнасць здаровага ладу жыцця, які ўключае баланс паміж гадзінамі працы і адпачынку, фізічную актыўнасць, вітамінізаванае харчаванне і ўнутраную гармонію з самім сабой.

– Якой табе ўяўляецца рэалізацыя праекта?

– Мы павінны не проста раніцай уставаць, ісці на працу і вяртацца дадому, а ўсміхацца свету, са светлымі думкамі адпраўляцца па справах, з задавальненнем выконваць свае абавязкі і ўвечары з любімымі людзьмі абменьвацца ўражаннямі. Гэтую думку я хачу данесці да навакольных.

– Ты – моладзевы пасол Мэтаў устойлівага развіцця, якія цяпер задачы стаяць перад табой?

– Як адзначыў нацыянальны каардынатар па МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна, усім моладзевым паслам трэба сабрацца разам і акрэсліць далейшыя арыенціры нашай дзейнасці. Магчыма будзе створаны маленькі дарадчы орган.
У сучаснага грамадства шмат праблем, якія трэба вырашаць. Я хачу быць карыснай. Зараз, калі стала паслом, спадзяюся, у мяне будзе больш магчымасцяў дапамагаць навакольным.

Пераможцаў конкурсу вызначыла экспертная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Праграмы развіцця ААН, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Гутарыла Юлія Воўк

Падзяліцца: