Валанцёр – гучыць горда: у БрДУ адбыўся фестываль валанцёрскіх атрадаў

Фестываль валанцёрскіх атрадаў «Валанцёрства – на карысць грамадству» адбыўся ў БрДУ імя А.С. Пушкіна 5 снежня. Старт фестывалю дала рэктар універсітэта Г.М. Сендзер, якая адзначыла важнасць валанцёрскага руху ў сучасным свеце, падкрэсліла, што наш універсітэт дэманструе якасна высокі ўзровень развіцця дабравольніцкай працы, і падзякавала валанцёрскім атрадам за іх важныя справы. Таксама яна заклікала ўсіх папаўняць шэрагі валанцёраў, бо валанцёр – гучыць горда.

З цёплымі словамі выступіў і кіраўнік аддзела па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Ю.С. Сегянюк. Ён адзначыў, што наш універсітэт – лідар валанцёрскага руху ў рэгіёне. На яго думку, вельмі важна, што добраахвотніцкай працы тут надаецца так шмат увагі, так як выпускнікі БрДУ выйдуць з яго сцен не проста высокакваліфікаванымі спецыялістамі, але і чулымі, спагадлівымі людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Ганна Мікалаеўна і Юрый Сяргеевіч уручылі валанцёрскім атрадам і іх асобным прадстаўнікам дыпломы і падарункі за актыўны ўдзел у добраахвотніцкай дзейнасці і фарміраванні пазітыўнага іміджу ўніверсітэта.

Выступілі на фестывалі і партнёры нашых валанцёраў – інструктар па працоўнай тэрапіі грамадскага аб’яднання дапамогі дзецям з асаблівасцямі ў развіцці і іх сем’ям «Асаблівае дзяцінства» Валянціна Міраеўская і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага крыжа Ніна Саванеўская. Ніна Уладзіміраўна ўзнагародзіла пераможцаў конкурсу «Лепшы валанцёр-2017».

У нашым універсітэце ўвесь час дзейнічаюць 18 валанцёрскіх атрадаў, у складзе якіх налічваецца больш як 800 чалавек. З прэзентацый камандзіраў атрадаў госці фестывалю даведаліся, наколькі разнапланавая іх дзейнасць. Дапамога людзям, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях, удзел у ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, клопат пра экалогію, моўнае суправаджэнне міжнародных мерапрыемстваў і многае іншае – усё гэта заслуга валанцёраў.

На фестывалі прысутнічалі прадстаўнікі Пінскага каледжа і БрДТУ, якія таксама падзяліліся сваім вопытам бязвыплатнай працы. У рамках мерапрыемства адбыліся шматлікія дабрачынныя акцыі, трэнінгі, майстар-класы і інш. Усім гасцям свята былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі.

Валанцёрскі рух з’яўляецца візітнай карткай нашага ўніверсітэта, а валанцёры сваім прыкладам даказваюць, як дабравольніцтва можа змяніць свет да лепшага. Рабіце дабро – і свет вакол нас будзе цудоўным!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: