Валанцёры – па загаду сумлення

Напярэдадні Міжнароднага дня валанцёра ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшла сустрэча рэктара з лепшымі студэнтамі-валанцёрамі ўніверсітэта. На ёй таксама прысутнічалі прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Мікалай Кузьміцкі.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, Ганна Мікалаеўна, адзначыла, што ўніверсітэт ганарыцца сваімі валанцёрамі, бо юнакі і дзяўчаты займаюцца добраахвотнасцю па загаду душы, а гэта вельмі важна і каштоўна ў сучасным свеце. Рэктар павіншавала прысутных са святам, якое надыходзіць, пажадала ўсім здароўя, поспехаў у вучобе і добрых справах. За актыўны ўдзел у валанцёрскай дзейнасці і фарміраваннi пазітыўнага іміджу ўніверсітэта Ганна Мікалаеўна ўзнагародзіла студэнтаў-актывістаў падзякамі рэктара і падарункамі. Савет валанцёраў універсітэта ў сваю чаргу ўручыў Ганне Сендзер падзяку за падтрымку добраахвотніцкага руху і кожнага з валанцёраў. Мікалай Кузьміцкі адзначыў, што валанцёры БрДУ будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах гуманізму і міласэрнасці, падзякаваў ім за чулыя сэрцы, а кіраўніцтва ўніверсітэта – за пастаянны клопат аб добраахвотніцкім руху. Кіраўнік абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўзнагародзіў студэнтку фізіка-матэматычнага факультэта Карыну Курыловіч памятным падарункам і падзякай за дапамогу тым, каго напаткала няшчасце.

У канцы сустрэчы Таццяна Сакалова выказала ўпэўненасць, што добраахвотніцкі вопыт узаемадзеяння з рознымі людзьмі спатрэбіцца кожнаму маладому чалавеку ў прафесійнай дзейнасці. БрДУ імя А.С. Пушкіна, з’яўляючыся пачынальнікам валанцёрскага руху ва ўніверсітэтах краіны, штогод дэманструе высокі ўзровень добраахвотніцкай працы. Усе студэнты перакананы: гісторыя бескарыслівасці ніколі не закончыцца, бо добраахвотніцтва – гэта незвычайны рух, які дапамагае бачыць праблемы вакол сябе і аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна.

Падзяліцца: