«Вестуны касмічнай эвалюцыі»

З 11 лістапада па 15 лістапада 2016 года студэнты другога курса фізіка-матэматычнага факультэта наведвалі выставу «Вестуны касмічнай эвалюцыі». На выставе былі паказаны скульптуры з шамоту (вогнетрывалая гліна), аўтарам якіх з’яўляецца вядомы ўкраінскі скульптар Аляксей Лявонаў.

Цяперашняя дзейнасць Лявонава звязана галоўным чынам з Расіяй, але сваёй працай і асаблівым адухоўленым падыходам у творчасці гэты малады скульптар заслужыў прызнанне і ў далёкім замежжы. За перыяд з 2005 па 2016 гады прайшло больш за 70 яго персанальных выстаў. Працы скульптара знаходзяцца больш чым у 40 гарадах свету, сярод якіх – Чыкага, Х’юстан, Страсбург, Ле Буржэ, Кёльн, Варна, Мумбаі, Калькута, Пекін, Астана і інш. Пастаянная экспазіцыя работ Аляксея ўпрыгожвае парк Культурна-адукацыйнага турыстычнага цэнтра «Этномир» у Калужскай вобласці. Скульптуры, выстаўленыя ў Брэсце, уяўляюць сабой партрэты культурных і рэлігійных дзеячаў, навукоўцаў і іншых знакамітых людзей.

Экскурсія праходзіла ў невялікай выставачнай зале культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Маяк», дзе разам са шматлікімі скульптурамі таксама экспанаваліся партрэты і іконы. Студэнтаў на выставе сустракалі сваёй ігрой на скрыпцы і фартэпіяна музыканты. Жывая музыка натхніла наведвальнікаў на разуменне ісцін, закладзеных у кожнай, хай па памерах невялікай, але велічнай па сутнасці працы мастака.

Госці экспазіцыі падчас захапляльнай гутаркі з экскурсаводам змаглі бліжэй пазнаёміцца з самімі скульптурамі, у цяпле і жывасці якіх адбіліся найбагацейшы ўнутраны свет творцы і гатоўнасць шчодра ім дзяліцца. Дзякуючы скульптурам Аляксея маладыя людзі дакрануліся да спадчыны сусветнай культуры і рэлігій, гісторыі развіцця чалавечага духу ў розных народаў у розныя эпохі. Паводле слоў студэнтаў, выстава ім вельмі спадабалася.

Л.І. Капіца,
старшы выкладчык кафедры методыкі выкладання матэматыкі і інфарматыкі

Падзяліцца: