Вітаем абітурыентаў!

29 верасня 2018 года ў БрДУ прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Гэта падзея для будучых абітурыентаў не менш значная, чым рэпетыцыйнае і цэнтралізаванае тэставанне. Па традыцыі ўсхваляваных школьнікаў і іх бацькоў віталі кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканы і лепшыя студэнты факультэтаў.

Хол трэцяга паверха навучальнага корпуса № 1 сустракаў гасцей кірмашом спецыяльнасцей. Арыгінальна аформленыя стэнды, прафарыентацыйныя газеты, яркія буклеты аб вучэбнай і пазанавучальнай дзейнасці факультэтаў, дыпломы, граматы і інфармацыю пра знакамітых выпускнікоў прадстаўлялі актывісты нашага ўніверсітэта.

Затым адбылася сустрэча будучых абітурыентаў з рэктарам БрДУ, доктарам педагагічных навук, прафесарам Ганнай Сендзер. У сваім выступленні Ганна Мікалаеўна з гонарам адзначыла, што ў мінулым годзе ўніверсітэту была ўручана ганаровая ўзнагарода – Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Затым яна прадставіла гасцям БрДУ прарэктараў і дэканаў факультэтаў і пазнаёміла гасцей з праграмай дня.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ Марына Кот паведаміла аглядавую інфармацыю аб факультэтах і спецыяльнасцях. Таксама ў інтэрв’ю яна адзначыла, што раіць школьнікам і бацькам наведваць дні адчыненых дзвярэй, каб у іх склалася агульнае ўяўленне аб навучальных установах. Прэзентацыя пра гісторыю БрДУ, яго навуковы патэнцыял і міжнароднае супрацоўніцтва прадэманстравалі вядучыя праграмы. Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БрДУ Алена Мірская праінфармавала гасцей аб рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэставанні. Больш падрабязныя звесткі рабяты і іх бацькі атрымалі на факультэтах у час размовы з дэканамі.

Наш універсітэт славіцца не толькі вучэбнай дзейнасцю, але і вялікімі магчымасцямі для развіцця творчых і спартыўных здольнасцей, пацвярджэннем чаго стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны актывам студэнцкага клуба.

Навучэнцы выпускных класаў школ, якія наведалі дзень адчыненых дзвярэй, займелі добрую магчымасць паглядзець на патэнцыйную alma mater знутры і спазнаць трохі студэнцкага жыцця.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: