Візіт у БрДУ імя А.С. Пушкіна дэлегацыі выкладчыкаў і студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ

13 мая адбыўся візіт у наш універсітэт дэлегацыі выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтае мерапрыемства, прымеркаванае да Года гістарычнай памяці, праводзілася з мэтай фарміравання гуманных каштоўнасцей, выхавання паважлівых адносін да подзвігу абаронцаў Айчыны, пачуцця дачынення да падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Цікавая, пазнавальная праграма візіту была падрыхтавана студэнтамі ІІІ курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” Лалітай Люкевіч, Ангелінай Кіслашчанковай, Валерыяй Ждановіч, Дар’яй Мятла, Дзянісам Гладуном, Ільёй Бендзісюком пры сумеснай падтрымцы дэкана факультэта фізічнага выхавання і турызму Сяргея Суркова і загадчыка кафедры турызму і гасціннасці Сяргея Заруцкага.

Сімвалічна, што мерапрыемства праводзілася ў корпусе № 2 універсітэта, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя і захоўвае памяць пра гісторыю БрДУ імя А.С. Пушкіна.

У працэсе правядзення круглага стала Лаліта Люкевіч і Ангеліна Кіслашчанкова пазнаёмілі гасцей з гісторыяй стварэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, з факультэтамі і кафедрамі, вучэбнай і навуковай дзейнасці студэнтаў, асаблівасцю арганізацыі адукацыйнага працэсу і побыту, а таксама прапанавалі ўвазе гасцей прэзентацыю з інфармацыяй пра спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”.

У сваю чаргу студэнты спецыяльнасцей ”Міжнародныя адносіны”, “Мытная справа”, “Менеджмент са спецыялізацыяй “Менеджмент у сферы міжнароднага турызму”, “Лінгвакраязнаўства” факультэта міжнародных адносін БДУ падзяліліся ўражаннямі пра сваё студэнцкае жыццё. Было цікава назіраць, наколькі адкрыта студэнты абодвух універсітэтаў дзяліліся сваімі дасягненнямі ў вучобе, выяўлялі цікавасць да рэалізацыі сумесных навуковых праектаў, перспектыў атрымання дадатковай прафесійнай адукацыі.

Пасля круглага стала дэлегацыі была прапанавана экскурсія па Зімнiм садзе, якую правялі Дзяніс Гладун і Лаліта Люкевіч.

Пасля абеду ва ўніверсітэцкай сталовай праграма візіту мела працяг. Ілья Бендзісюк, Валерыя Ждановіч, Ангеліна Кіслашчанкова, Дар’я Мятла правялі экскурсію па вуліцы Савецкай абласнога цэнтра. Далей госці накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць.

У час мерапрыемства прадстаўнікі кафедр абодвух універсітэтаў абмеркавалі перспепктывы развіцця двухбаковых адносін і сумесных дзеянняў, накіраваных на ўмацаванне навуковых і акадэмічных сувязей.

За час знаходжання ва ўніверсітэце студэнты БДУ паспелі пазнаёміцца і пасябраваць з нашымі студэнтамі і нашым універсітэтам, горадам Брэстам, абмяняліся думкамі і ўражаннямі. Спадзяёмся на працяг культурна-адукацыйнага абмену і чакаем студэнтаў і выкладчыкаў БДУ ў наступным годзе.

Ларыса Максімук,
загадчык кафедры замежных моў

Падзяліцца: