Выданні ўніверсітэта – Славянскай бібліятэцы ў Празе

27 чэрвеня 2014 года загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук А.М.Вабішчэвіч у час знаходжання ў Празе, дзе займаўся вывучэннем крыніц па гісторыі заходнебеларускага студэнцкага руху 1920–30-х гг., перадаў Славянскай бібліятэцы Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі (Slovanská knihovna při Národní knihovnĕ České republiky) цэлы шэраг навуковых выданняў універсітэта і кафедры гісторыі славянскіх народаў апошніх гадоў (зборнікі навуковых прац і матэрыялаў канферэнцый, манаграфіі).

Бібліятэка знаходзіцца ў Клеменцінуме, комплексе былога іезуіцкага калегіума, на сцяне якога ўсталявана памятная дошка ўсходнеславянскаму і беларускаму першадрукару Ф.Скарыне, што ў 1517–1519 гг. выдаваў Біблію ў Празе. Славянская бібліятэка ў чэшскай сталіцы валодае адным з самых багатых збораў славянскай пісьменнасці ва ўсёй Еўропе – там налічваецца каля 800 тысяч экзэмпляраў кніг, перыёдыкі, карт, плакатаў, відэа- і выяўленчых матэрыялаў і інш. Яе ўнікальны збор перыядычных выданняў рускай, украінскай і беларускай эміграцыі з усяго свету 1918–1945 гг. быў уключаны ў 2007 г. у спіс Сусветнай культурнай пісьменнай спадчыны “Памяць свету” ЮНЕСКА.

Дырэктар Славянскай бібліятэкі Лукаш Бабка выказаў удзячнасць за перададзеныя выданні Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, якія знойдуць зацікаўленасць з боку чэшскіх і замежных вучоных, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: