Выстава навуковых прац да 50-годдзя А.М. Вабішчэвіча

5 лістапада 2015 года на гістарычным факультэце адбылося адкрыццё выставы навуковых прац, прымеркаванай да 50-годдзя загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктара гістарычных навук Вабішчэвіча Аляксандра Мікалаевіча. На выставе прадстаўлены рукапісы яго дыпломнай працы, кандыдацкай і доктарскай дысертацый, а таксама розныя навуковыя выданні (манаграфіі, часопісы, зборнікі артыкулаў і матэрыялаў канферэнцый), даведнікі і энцыклапедыі з яго публікацыямі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі, аспіранты, студэнты, бібліятэкары.

Адкрываючы выставу, дэкан гістарычнага факультэта, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Н.П. Галімава ахарактарызавала прафесійныя і асабістыя якасці юбіляра, пажадала яму далейшых поспехаў. А.М. Вабішчэвіч расказаў прысутным пра тое, як пачаў займацца навуковай дзейнасцю, выказаў падзяку сваім настаўнікам школьнай і студэнцкай пары, прадэманстраваў ўласныя працы апошніх гадоў. Жывую цікавасць у прысутных выклікалі закранутыя ім пытанні аб правядзенні дысертацыйных даследаванняў, напісанні артыкулаў. Усе выступоўцы на адкрыцці выставы пазітыўна ацанілі ўзаемаадносіны з юбілярам у рабочай абстаноўцы, адзначылі яго асабісты ўклад у даследаванні гісторыі Заходняй Беларусі 1920–30-х гг. і іншых актуальных праблем гістарычнай навукі, выказалі ў адрас юбіляра найлепшыя пажаданні на будучыню.

Выстава размешчана ў аўд. 528 галоўнага корпуса ўніверсітэта.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: