Выстава «Святло сакавіцкага слова», прысвечаная да 85-годдзя з дня нараджэння прафесара Г. М. Малажай

15 сакавіка сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага філолага Галіны Мікалаеўны Малажай. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, прафесар, выдатнік народнай асветы – за ганаровымі званнямі і ўзнагародамі стаіць прызнанне заслуг лінгвіста, педагога, метадыста, імя якога і сёння вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. За імі таксама вынік таленавітай працы і шчырай улюбёнасці ў сваю справу, што выпадае, мабыць, на лёс тых людзей, якім пашчасціла знайсці сваё сапраўднае прызванне.

  

Больш як 25 гадоў Г. М. Малажай узначальвала кафедру беларускага мовазнаўства нашага ўніверсітэта. Ёй удалося не толькі арганізаваць зладжаную навуковую і педагагічную працу кафедральнага калектыву, але і стварыць сваю навукова-метадычную школу, якая распрацоўвала праблемы лінгвадыдактыкі, стылістыкі, фразеалогіі, дыялекталогіі і іншых галін мовазнаўства.

  

Не адно пакаленне студэнтаў-філолагаў Берасцейшчыны з вялікай удзячнасцю і павагай згадвае імя Галіны Мікалаеўны Малажай і ганарыцца правам называць яе сваёй Настаўніцай. Сённяшнія студэнты філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна мелі магчымасць пазнаёміцца з біяграфіяй Галіны Мікалаеўны, яе працоўным шляхам, навуковымі і творчымі набыткамі падчас правядзення выставы “Святло сакавіцкага слова”, якая была прымеркавана да 85-годдзя з дня нараджэння навукоўцы і ладзілася кафедрай беларускай філалогіі ў мемарыяльнай аўдыторыі прафесара Г. М. Малажай. На выставе былі прадстаўлены навуковыя і вучэбна-метадычныя выданні, напісаныя самой Г. М. Малажай, а таксама ў суаўтарстве з ёй або пад яе рэдакцыяй, успаміны калег і вучняў пра Галіну Мікалаеўну, архіўныя фотаздымкі і матэрыялы, звязаныя з біяграфіяй Галіны Мікалаеўны. Для студэнтаў I–III курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” была праведзена прэзентацыя выставы. Атрымалася добрая магчымасць і нагода пазнаёміць прадстаўнікоў маладога пакалення з Г. М. Малажай – цікавым чалавекам, выбітным філолагам, годным і таленавітым выкладчыкам, чыё імя і навуковая і метадычная спадчына складаюць гонар айчыннай адукацыі.

Кафедра беларускай філалогіі

Падзяліцца: