Выязное пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета

21-22 кастрычніка на базе санаторыя-прафілакторыя БНТУ «Палітэхнік» адбылося выязное пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета (ГРСС). У рамках двухдзённай праграмы ўдзельнікі наведалі трэнінгі па Камандаўтварэнні і майстар-класы, накіраваныя на развіццё кіраўніцкіх навыкаў і працу ў інфармацыйнай прасторы, а таксама выбралі прэзідыум ГРСС і правялі першае рабочае пасяджэнне ў новым складзе.

Па выніках выбараў новым старшынёй ГРСС стаў Аляксандр Бурда (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), намеснікам старшыні ГРСС быў абраны Андрэй Савосцін (ГДМУ), а сакратаром ГРСС – студэнтка нашага ўніверсітэта Сняжана Бадунец.

Адным з самых цікавых і чаканых мерапрыемстваў праграмы стала пасяджэнне Дыскусійнага клуба на тэму: «Ці лёгка быць студэнтам?» з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А. Жураўкова. Акрамя гэтага, Міхаіл Жураўкоў абмеркаваў са студэнцкім актывам магчымасць рэалізацыі новага рэспубліканскага праекта «Мой універсітэт будучыні».

Сняжана Бадунец,
старшыня Савета студэнцкага самакіравання БрДУ імя А.С. Пушкіна

Падзяліцца: