XII Міжнародная выстава-кірмаш «Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2016»

З 22 па 24 верасня 2016 года наш універсітэт традыцыйна прымаў актыўны ўдзел у XII Міжнароднай выставе-кірмашы «Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2016», якая праходзіла ў дзяржаўнай установе «Брэсцкая абласная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву». На мерапрыемстве былі прадстаўлены больш за 80 тэматычных матэрыялаў выкладчыкаў і спецыялістаў нашага ўніверсітэта.

На працягу ўсёй выставы з наведвальнікамі працавалі педагогі-псіхолагі і педагогі сацыяльнага аддзела выхаваўчай працы з моладдзю. У гасцей мерапрыемства была магчымасць атрымаць кансультацыю, прайсці псіхалагічнае тэставанне «Псіхагеаметрычны тэст». Праводзілася даследаванне меркаванняў людзей розных узроставых груп аб кампанентах псіхалагічнага (душэўнага) здароўя асобы. Асаблівай папулярнасцю карысталася тэхніка арт-тэрапіі «Настрой», якая была накіравана на зняцце псіхаэмацыйнага напружання, праяўленне творчай ініцыятывы, стварэнне эмацыйна спрыяльнай атмасферы, а таксама садзейнічала ўзнікненню станоўчых эмоцый.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікалі практычныя распрацоўкі спецыялістаў нашага ўніверсітэта: 1) методыка біяімпедансаметрычнага абследавання (вымярэнне вагі, вызначэнне мышачнай і касцявой масы, утрыманне тлушчу і вады ў арганізме), якую прадставілі лабарант кафедры анатоміі, фізіялогіі і бяспекі чалавека А.Г. Пархац і студэнты факультэта фізічнага выхавання пад кіраўніцтвам кандыдата біялагічных навук, дацэнта А.М. Герасевіча; 2) «Effecton Studio» – псіхадыягнастычны камп’ютарны комплекс (уключае ў сябе больш за 150 псіхалагічных тэстаў і практыкаванняў для вырашэння задач псіхалагічных службаў у адукацыі і спорце, кіраванні персаналам), прадстаўлены кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры спартыўных дысцыплін І.Ю. Міхутам; 3) «Power breathe 5» – дыхальны трэнажор для развіцця дыхальнай мускулатуры чалавека і дыягностыкі знешняга дыхання спартсменаў у розных відах спорту, прадстаўлены І.Ю. Міхутам, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту А.В. Шаровым і кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам, дэканам факультэта фізічнага выхавання М.В. Галавачом.

Усе ахвотныя змаглі апрабаваць прадстаўленую старшым выкладчыкам кафедры псіхалогіі А.В. Северыным экспрэс-методыку «Дыягностыка камп’ютарнай гульнявой залежнасці ў школьнікаў», якая вызначае ўзровень гэтай залежнасці ў яе кагнітыўным, эмацыйным і паводзінскім аспектах.

Выкладчыкамі кафедры фізічнай культуры (К.І. Гурына, Н.С. Мілашук, М.І. Сулейманава і загадчык кафедры Т.С. Дзямчук) была праведзена інтэлектуальна-спартыўная віктарына «Алімпійскі рух», накіраваная на прапаганду здаровага ладу жыцця, папулярызацыю заняткаў фізічнай культурай і спортам і засваенне ведаў у гэтай галіне.

Валанцёрскі атрад «НеаГея» (геаграфічны факультэт) правёў прыродаахоўную акцыю «Захаваем зямлю чыстай!» і акцыю «Кожны дзень здаровая ежа», што матывавалі наведвальнікаў да здаровага ладу жыцця праз здаровае харчаванне. Студэнты-валанцёры заклікалі ўдзельнікаў выставы беражліва ставіцца да прыроды і ўласнага здароўя.

Спецыялісты сектара турыстычных і фізкультурна-аздараўленчых паслуг прапанавалі лістоўкі-флаеры з інфармацыяй аб платных фізкультурна-аздараўленчых і турыстычных паслугах, якія аказваюцца ўніверсітэтам.

Студэнты нашага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам спецыялістаў студэнцкага клуба прадставілі творчыя нумары ў канцэртнай праграме закрыцця выставы-кірмашу. На працягу ўсёй выставы пад кіраўніцтвам педагога сацыяльнага Н.А. Вайтуховіч была арганізавана работа студэнтаў-валанцёраў псіхолага-педагагічнага, фізіка-матэматычнага і філалагічнага факультэтаў. Іх праца была высока ацэнена арганізатарамі выставы-кірмашу.

На закрыцці мерапрыемства ўніверсітэт быў адзначаны дыпломам «За шматгадовую актыўную і плённую працу па прапагандзе ідэй здаровага ладу жыцця сярод моладзі».

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю выказвае падзяку ўсім удзельнікам і арганізатарам выставы.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю,
сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: