XVII Міжнародны конкурс прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній-2017»

18-19 мая ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь адбыўся XVII Міжнародны конкурс прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній-2017». Конкурс быў прысвечаны 100-гадоваму юбілею беларускай міліцыі. У конкурсе прынялі ўдзел 49 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі, Украіны, Казахстана, Туркменістана, Кітая, Венесуэлы, Нігерыі. Наш універсітэт прадставілі студэнтка 3-га курса геаграфічнага факультэта Марыя Дудар і студэнт 1-га курса псіхолага-педагагічнага факультэта Дзмітрый Туцкі.

У першым туры канкурсанты выступілі з троххвіліннай прамовай на тэму «Падзеі, людзі і іх справы». У другі тур выйшлі 12 удзельнікаў, сярод якіх была студэнтка нашага ўніверсітэта Марыя Дудар. Журы адзначыла высокімі адзнакамі выступленне Марыі, якое яна прысвяціла памяці свайго дзядзькі, што загінуў у Афганістане. У фінале канкурсанты ўдзельнічалі ў дэбатах на розныя тэмы: адукацыя, культура, сям’я, захапленні і іншыя.

Журы было вельмі складана выбраць лепшых выступоўцаў, настолькі добра былі падрыхтаваны канкурсанты. У выніку напружанай барацьбы Марыі Дудар удалося заняць 3-е месца. Дзмітрый Туцкі па выніках першага тура быў вельмі блізкі да фіналістаў, журы адзначыла яго дыпломам лаўрэата і каштоўным падарункам.

Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Завяршыўся конкурс святочным канцэртам.

Л.М. Грыцук,
старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: