XVII Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў «Актуальныя праблемы права і эканомікі»

28 красавіка 2016 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна была праведзена XVII Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў «Актуальныя праблемы права і эканомікі». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 200 студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў з Беларусі, Украіны, Расіі. Асноўнымі навуковымі напрамкамі канферэнцыі былі пытанні, прысвечаныя надзённым праблемам функцыянавання права і эканомікі ў сучасным свеце.

Канферэнцыю адкрыў прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Будзько Аляксандр Яўгенавіч. У сваім вітальным слове ён адзначыў высокі ўзровень студэнцкай навукова-даследчай дзейнасці ў нашым універсітэце.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Грыгаровіч Алена Мікалаеўна, якая падкрэсліла, што за 20 гадоў існавання юрыдычнага факультэта гэтая канферэнцыя стала традыцыйнай і ў гэтым годзе праводзіцца ў 17 раз. А.М. Грыгаровіч таксама адзначыла важнасць і неабходнасць удзелу студэнтаў у навукова-даследчай працы для фарміравання прафесійных кампетэнцый спецыяліста на сучасным этапе.

Усе дакладчыкі канферэнцыі прадэманстравалі высокі ўзровень навуковых даследаванняў. Асаблівую цікавасць і дыскусію выклікалі пленарныя выступленні Зялінскага Алега (4 курс, юрыдычны факультэт, БрДУ імя А.С. Пушкіна) і Манец Веранікі (1 курс, юрыдычны факультэт, БрДУ імя А.С. Пушкіна). Іх даклады былі прысвечаны актуальным праблемам крыміналістыкі і крымінальнага права.

Усе дакладчыкі пленарнага пасяджэння выступілі на высокім навукова-метадычным узроўні і былі ўзнагароджаны дыпломамі.

У ходзе канферэнцыі працавалі 10 секцый: «Крымінальнае права», «Крыміналогія», «Крымінальны працэс», «Крыміналістыка», «Прававое забеспячэнне функцыянавання рынкавай эканомікі», «Метадалогія і этыка ў тэорыі і практыцы прымянення спецыяліста (на прыкладзе юрыста і менеджара-эканаміста)», «Актуальныя праблемы нацыянальнай эканомікі», «Рэгіянальныя праблемы сферы турызму і гасціннасці», «Праблемы і перспектывы развіцця прадпрымальніцтва і трансгранічнага супрацоўніцтва», «Інтэграцыя Рэспублікі Беларусь у міжнародныя эканамічныя аб’яднанні і стратэгіі пераадолення сусветнага эканамічнага крызісу».

На секцыйных пасяджэннях былі не толькі заслуханы даклады, але і адбыліся змястоўныя дыскусіі па абмеркаванні актуальных праблем юрыспрудэнцыі і эканамічнага развіцця як у Беларусі, так і за мяжой. Даклады студэнтаў суправаджаліся цікавымі прэзентацыямі.

У арганізацыі канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры крымінальна-прававых дысцыплін і кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі БрДУ імя А.С. Пушкіна. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў, што ўключае артыкулы ўдзельнікаў.

В.М. Іванчына,
С.М. Храмаў

Падзяліцца: