XVII Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі

«Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення!» – такая гучная назва была дадзена XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, што праходзіла з 26 па 29 красавіка 2017 года ў выставачным комплексе «БелЭкспа» (г. Мінск).

Наш універсітэт прадставіў на выставе больш за сорак інфармацыйных матэрыялаў у электронным і друкаваным выглядзе, выдадзеных у перыяд з 2015 па 2017 год. Усе працы дэманстравалі вопыт арганізацыі і правядзення прафарыентацыйнай дзейнасці на ўзроўнях кафедраў, факультэтаў, іншых структурных падраздзяленняў, універсітэта ў цэлым. Сваімі падыходамі ў гэтым напрамку падзяліліся як выкладчыкі, так і студэнты БрДУ.

На працягу трох дзён нашы студэнты (факультэт фізічнага выхавання і філалагічны факультэт) прадстаўлялі музычныя нумары і выступленні агітбрыгад, прэзентавалі творчыя праекты, праводзілі інтэрактыўныя гульні. У рамках работы экспазіцыі ўдзельнікі выставы мелі магчымасць прайсці экспрэс-дыягностыку прафесійных інтарэсаў і схільнасцей. Акрамя гэтага, усе ахвотныя маглі атрымаць кампетэнтную юрыдычную кансультацыю.

Працу каманды ўніверсітэта на чале з прарэктарам па выхаваўчай працы Таццянай Васільеўнай Сакаловай па заслугах ацаніў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. А ўбачанае ім яркае выступленне прафарыентацыйнай агітбрыгады студэнтаў факультэта фізічнага выхавання ўпэўніла Ігара Васільевіча ў тым, што «такія студэнты і такія выступленні будуць моцнай падмогай для школ у прапагандзе здаровага ладу жыцця».

Па выніках выставы БрДУ імя А.С. Пушкіна быў узнагароджаны дыпломам II ступені «За добрую арганізацыю прафарыентацыйнай дзейнасці і якаснае прадстаўленне педагагічнага вопыту», а праект «Юрыдычная клініка – наш кансультант у прафесійным свеце» (аўтар – загадчык вучэбнай лабараторыі «Юрыдычная клініка» Шарайзіна Людміла Алегаўна) – дыпломам III ступені ў намінацыі «Доўгатэрміновы прафарыентацыйны праект».

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: