Я кажу «ТАК!»

4 мая ў Баранавічах быў дадзены старт міжнароднаму моладзеваму форуму для лідараў студэнцкага самакіравання «Я кажу «ТАК!» (здароваму ладу жыцця, мірнаму небу, актыўнаму пазітыўнаму вольнаму часу). Першая моладзевая сталіца Беларусі сабрала ў БарДУ 220 удзельнікаў з 34 універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны. Наш універсітэт прадстаўлялі старшыня Савета студэнцкага самакіравання БрДУ імя А.С. Пушкіна Сняжана Бадунец і старшыня Савета студэнцкага самакіравання псіхолага-педагагічнага факультэта Аксана Палячук.

Усе ўдзельнікі форуму былі падзелены на 10 батальёнаў, камандзірамі якіх сталі старшыні студэнцкіх саветаў факультэтаў БарДУ і інтэрнатаў. У адной камандзе з намі былі госці з Міжнароднага эканоміка-гуманітарнага ўніверсітэта імя Сцяпана Дзем’янчука (г. Роўна, Украіна).

Форум пачаўся з урачыстага прыёму ўдзельнікаў і гасцей рэктарам БарДУ В.І. Качуркам. Затым паказваліся прэзентацыі «Мой універсітэт у адукацыйнай прасторы» прадстаўнікамі ВНУ Беларусі і замежжа. Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам універсітэта на тэрыторыі студэнцкага гарадка прайшлі ўрачыстае адкрыццё форуму і мітынг-рэквіем, прысвечаны 71-ай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Далей удзельнікаў форуму чакала канцэртная праграма і закладка каштанавай алеі «Дружба народаў».

Апошнія два дні форуму прайшлі на тэрыторыі ДАЛ «Свіцязь». Праграма была вельмі насычаная: гульні і трэнінгі на згуртаванне удзельнікаў, студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя, фестываль гумару «BARSU@HUMOR.FEST», песенны марафон, «Сцежка выжывання», спартыўныя спаборніцтвы, святочная дыскатэка.

Пасля заканчэння форуму цяжка было вызначыць лепшую каманду: усе ўдзельнікі пацвердзілі званні лідараў і праявілі сябе на ўсе сто. Таму арганізатары вырашылі, што перамогу атрымала вялікая дружба, і кожны быў узнагароджаны дыпломам пераможцы міжнароднага студэнцкага форуму.

Несумненна, усім гасцям форум запомніцца неперадавальнымі эмоцыямі, сяброўскай атмасферай і шчырымі ўсмешкамі. Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць адміністрацыі і арганізатарам за падоранае свята і прадуктыўна праведзены час.

Бадунец Сняжана, Палячук Аксана

Падзяліцца: