З Днём жанчын!

Напярэдадні свята Вясны і Прыгажосці – 8 Сакавіка – у нашым універсітэце адбыліся святочныя мерапрыемствы.

Урачысты канцэрт «Вам імя – дасканаласць...» прайшоў у актавай зале. Віншуючы работнікаў і студэнтак з надыходным святам, рэктар Ганна Сендзер адзначыла: «Нараджэнне дзіцяці, выхаванне чалавека, праца на прадпрыемстве або стварэнне дамашняй утульнасці – усё пачынаецца з жанчыны. Таму важна, што ў нашай краіне жаночую працу цэняць», – сказала яна. Ганна Мікалаеўна пажадала любові, дабра, узаемаразумення, як у сям’і, так і на працы, заўсёды быць прафесіяналамі і атрымліваць задавальненне ад працы.

Працягам урачыстай часткі стала ўзнагароджанне. Грамата Міністэрства адукацыі, Ганаровыя граматы ўніверсітэта, граматы ўніверсітэта і падзякі, кветкі з рук рэктара былі ўручаны шмат каму з працаўнікоў.

Яркімі творчымі выступленнямі павіншавалі са святам студэнты і запрошаныя госці. Музычныя нумары салістаў вакальнай студыі «Ступені» (кіраўнік – Ларыса Борсук), дзіцячай вакальнай студыі «Магаліф» (кіраўнік – Наталля Карпук), танцавальнага калектыву юрыдычнага факультэта і іншых артыстаў паднялі настрой гледачоў.

Значным стаў прыём рэктарам супрацоўніц з ліку шматдзетных маці, маці-адзіночак і жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ганна Мікалаеўна павіншавала ўсіх са святам і пажадала моцнага здароўя, ажыццяўлення жаданняў, поспехаў у навуцы і творчасці. Святочны тон задавалі творчыя выступленні студэнтаў.

Дарагія жанчыны і дзяўчаты ўніверсітэта!
Хай гэтае цудоўнае свята ўвойдзе ў вашы дамы
з цёплымі, ласкавымі сонечнымі прамянямі і падорыць добры настрой, радасць і шчасце!
Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, увагі, клопату і любові!

Таццяна Сільвестрава (філалагічны факультэт)

Падзяліцца: