З партнёрамі – на адной мове

19 кастрычніка БрДУ імя А.С. Пушкіна наведалі госці з нямецкага горада Равенсбурга, пабраціма Брэста і даўняга партнёра кафедры замежных моў нашага ўніверсітэта. Нагодай для візіту стала міжфакультэцкая навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння». Хоць гэты фармат сустрэч ужо даўно стаў традыцыйным, цяперашні візіт адрозніваўся ад папярэдніх: БрДУ ўпершыню наведаў Петэр Грайнер, дырэктар школы імя Эдыт Штайн.

Мерапрыемства праходзіла ў канферэнц-зале Зімовага саду. У форуме ўдзельнічала дэлегацыя з Равенсбурга (у тым ліку нямецкія школьнікі), а таксама студэнты 1-2 курсаў біялагічнага, юрыдычнага, гістарычнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў нашага ўніверсітэта, якія вывучаюць нямецкую мову. Фармат навуковай канферэнцыі выйшаў за межы, акрэсленыя праграмай выступленняў: даклады на тэму экалогіі змяняліся аповедамі гасцей аб іх ўражаннях ад знаходжання ў Беларусі, а дырэктар Петэр Грайнер расказаў аб сваёй школе і сістэме адукацыі Германіі. Не менш каштоўнымі для нашых студэнтаў сталі вопыт зносін з носьбітамі нямецкай мовы і магчымасць пазнаёміцца з аднагодкамі з Германіі.

Навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння» была арганізавана старшымі выкладчыкамі кафедры замежных моў Святланай Васільеўнай Мілач і Ірынай Аляксееўнай Палявой. Акрамя гэтага, 20 кастрычніка кафедра правяла вучэбна-метадычны семінар «Роля і задачы Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) у Беларусі: перспектывы развіцця», удзельнікамі якога сталі студэнты 1-2 курсаў нямоўных спецыяльнасцей нашага ўніверсітэта і госці з БрДТУ і сярэдняй школы № 7, якія вывучаюць нямецкую мову.

На сустрэчы старшыя выкладчыкі кафедры замежных моў С.В. Мілач і І.А. Палявая, а таксама дацэнт кафедры замежных моў па эканамічных спецыяльнасцях БрДТУ А.А. Абухоўская выступілі з дакладамі аб праграме абменаў. Студэнткі трэцяга курса БрДТУ расказалі аб сваім вопыце ўдзелу ў замежных стажыроўках па праграме DAAD.

Штогадовыя навукова-адукацыйныя мерапрыемствы, што арганізуюцца кафедрай замежных моў для студэнтаў нямоўных спецыяльнасцей, якія вывучаюць нямецкую мову, маюць, акрамя пазнавальнай каштоўнасці, таксама і практычнае значэнне. Не сакрэт, што сярод еўрапейскіх партнёраў Беларусі менавіта Германія займае месца лідара ў эканамічнай сферы. Цікавасць беларускіх студэнтаў да вывучэння нямецкай мовы з’яўляецца немалаважным фактарам у далейшым развіцці плённых адносін дзвюх краін.

Вольга Лебедзева, кафедра замежных моў

Падзяліцца: