«Замежныя мовы» пашыраюць геаграфію

15 красавіка знаўцы замежных моў з беларускіх і замежных ВНУ прынялі ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў «Замежныя мовы і сучасны свет», якая адбылася ў нашым універсітэце. Умовы навуковага форуму з года ў год не мяняюцца – тэматыка працы поўнасцю аддаецца на волю аўтара, але выкладаць думкі прыходзіцца на адной з чатырох замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай). Напісанне артыкулаў на рускай мове фармат канферэнцыі дапускае толькі для замежных удзельнікаў.

Тое, што канферэнцыя «Замежныя мовы і сучасны свет» за доўгія гады свайго існавання не надакучыла і не страціла актуальнасці, яскрава пацвярджае статыстыка. Штогод каля трохсот прац прымаюцца для разгляду кафедрай замежных моў, што з’яўляецца арганізатарам міжнароднага навуковага форуму.

На карце ўдзельнікаў канферэнцыі ў гэтым годзе адзначыліся новыя гарады і ўніверсітэты. Так, з дапамогай відэасувязі ў працы пленарнага пасяджэння прыняла ўдзел студэнтка Уманскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П. Тычыны. А студэнты Расійскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта імя К.А. Ціміразева і іх навуковыя кіраўнікі асабіста прынялі ўдзел у працы канферэнцыі. Сярод беларускіх ВНУ на форуме ўпершыню быў прадстаўлены Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Усяго ў канферэнцыі ўдзельнічалі студэнты з 12 айчынных і замежных ВНУ.

Пасяджэнне секцый і падвядзенне вынікаў канферэнцыі завяршылі афіцыйную частку навуковай канферэнцыі, пасля чаго госці наведалі Зімовы сад.

Вольга Лебедзева,
кафедра замежных моў

Падзяліцца: