Завяршыўся конкурс «Лепшы педагог студэнцкага гарадка»

У гэтым годзе ў нашым універсітэце ўпершыню прайшоў конкурс «Лепшы педагог студэнцкага гарадка». 23 мая 2017 года адбыўся фінал гэтага мерапрыемства. Арганізатары турніру – аддзел выхаваўчай працы з моладдзю – мелі на мэце прадставіць і распаўсюдзіць вопыт эфектыўнай арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнцкай моладдзю, якая пражывае ў інтэрнатах студгарадка.

З прывітальным словам да канкурсантаў і гледачоў звярнулася прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Васільеўна Сакалова. Яна адзначыла, што такое мерапрыемства мае вялікае значэнне ў развіцці прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў інтэрнатаў, пажадала ўдзельнікам поспехаў у іх нялёгкай працы, а таксама выказала ўпэўненасць у тым, што павінна перамагчы сяброўства.

У першым выпрабаванні конкурсу «Знаёмцеся – гэта я!» удзельнікі прадставілі сябе гледачам і журы як яркую, прафесійна сфарміраваную асобу са сваімі дасягненнямі і поспехамі, а таксама пазнаёмілі гледачоў з асабістымі жыццёвымі прынцыпамі. «Толькі ўсе разам, і толькі наперад!» – пад такім дэвізам прайшло другое выпрабаванне – конкурс груп падтрымкі з ліку студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах. На завяршальным этапе конкурсу пад назвай «Натхненне» педагогі падалі на суд журы і радасць гледачам свае захапленні і хобі.

Пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, таленты інтэрнатаў студгарадка радавалі гледачоў сваімі выступленнямі.

Напрыканцы свята адбылося ўзнагароджанне прызёраў. Пераможцамі ўніверсітэцкага конкурсу «Лепшы педагог студэнцкага гарадка» сталі:

  • 1-е месца: Страпко Святлана Канстанцінаўна, выхавальнік інтэрната № 2;
  • 2-е месца: Мартынюк Юлія Дзімітрыеўна, педагог-арганізатар студэнцкага гарадка;
  • 3-е месца: Карабчук Галіна Сяргееўна, педагог-арганізатар студэнцкага гарадка.

Пераможцам інтэрнэт-галасавання стала педагог-арганізатар студэнцкага гарадка Мартынюк Юлія Дзімітрыеўна.

Спецыяльныя прызы ад старшыні прафсаюзнага камітэта работнікаў універсітэта Ларысы Барысаўны Чэлышавай былі ўручаны Страпко Святлане Канстанцінаўне і Мартынюк Юліі Дзімітрыеўне.

Віншуем пераможцаў і спадзяёмся,
што абавязкова атрымаем асалоду ад іх талентаў зноў!

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: