Жывыя пейзажы «Райскага саду»

16 мая 2016 года супрацоўнікі Цэнтра экалогіі прынялі ўдзел у акцыі «Магія ажыўшага пейзажу» у рамках Міжнароднага арт-праекта «Ноч музеяў». Акцыя праходзіла ў музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Цэнтр экалогіі прапанаваў увазе гасцей прэзентацыю «Райскі сад», фота- і відэаматэрыялы аб ландшафтна-батанічных экспазіцыях Цэнтра.

Многія наведвальнікі з радасцю пазнавалі знаёмыя краявіды, цёпла і з любоўю адгукаліся пра наведванне экспазіцый Цэнтра. Былі і тыя, хто ўпершыню даведаўся аб Цэнтры або толькі збіраецца наведаць яго сады. Усе жадаючыя змаглі атрымаць парады ад спецыялістаў па азеляненні садовага ўчастка, стварэнні зялёнага кутка ў інтэр’еры і г.д.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў, у першую чаргу сярод дзяцей, выклікаў папугай ажарэлавы, які годна прадставіў арніталагічны кампанент Зімовага саду Цэнтра экалогіі. Фота з папугаем нечакана для супрацоўнікаў Цэнтра стала адным са складнікаў іх прэзентацыі. Звонкі голас птушкі прыцягваў увагу наведвальнікаў да экспазіцыі Цэнтра экалогіі, а ў наглядчыкаў музея павышаў пільнасць, нагадваючы гук сігналізацыі.

Супрацоўнікі музея выказалі падзяку за ўдзел у акцыі і спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва.

Цэнтр экалогіі

Падзяліцца: