Званне «Студэнт года – 2018» заваявала Кацярына Ільютчык

Інтэлектуальныя здольнасці, парад талентаў, уменне выступаць на публіцы і арыентавацца ў розных сітуацыях прадэманстравалі 20 снежня ўдзельнікі XIX агульнаўніверсітэцкага конкурсу «Павер у сябе» на званне «Студэнт года – 2018».

Старт конкурсу дала рэктар БрДУ Ганна Сендзер, якая выступіла з цёплымі прывітальнымі словамі ў адрас удзельнікаў. Ганна Мікалаеўна выказала ўпэўненасць у тым, што ўсе навучэнцы, якія прэтэндуюць на званне «Студэнт года – 2018», з’яўляюцца працавітымі, і пажадала ім годна выступіць.

Па традыцыі конкурс пачаўся з самапрэзентацыі «Праз церні – да зорак». Поспехі і дасягненні, жыццёвыя прынцыпы, погляды і перакананні, а таксама прафесійнае крэда – студэнты паказалі сябе рознабакова развітымі асобамі. Усе выступленні адпавядалі крытэрыям выпрабавання: былі арыгінальнымі, пісьменнымі і змястоўнымі.

У сувязі з тым, што 2018 год праходзіць пад знакам малой радзімы, на вынесеным этапе студэнтам было прапанавана распрацаваць ідэя-праекты на тэму «Мая Радзіма – мой лёс». Удзельнікі расказалі ў іх пра любімыя месцы, што радуюць іх і натхняюць.

«Горад маёй мары» – так называўся конкурс сацыяльных відэаролікаў, які ў гэтым годзе быў прысвечаны 1000-годдзю горада Брэста. Студэнты імкнуліся паўнавартасна раскрыць тэму, лагічна прадставіць структуру роліка і падаць матэрыял у арыгінальнай форме.

Спаборніцтва ў эрудыцыі і кемлівасці – інтэлектуальны этап «Студэнт разумны» – рабяты прайшлі загадзя. Яны адказалі на 29 пытанняў, якія былі падзелены на тры блокі.

Наступны этап – «З песняй па жыцці» – стаў адным з самых яркіх у конкурснай праграме. Вакальныя нумары-мініяцюры дазволілі ўдзельнікам раскрыць перспектывы сваіх факультэтаў або спецыяльнасцяў. А дапамагалі ім у гэтым любімыя выкладчыкі.

Наступнай прыступкай на шляху да перамогі стала выпрабаванне «Рыторыка хуткага рэагавання – "Пакінь свой каментарый на форуме"». Дзякуючы камунікатыўным здольнасцям, студэнты прадэманстравалі, што добра арыентуюцца ў сучаснай інфармацыйнай карціне свету, маюць уласнае меркаванне па тым ці іншым пытанні.

Пасля канцэртнай праграмы адбылося ўзнагароджанне. Прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова адзначыла, што на адной сцэне сабраліся навучэнцы, якія паспяваюць займацца не толькі вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасцю, але і творчасцю і спортам, дэманструючы тым самым, якім павінен быць сучасны студэнт. Затым яна прыступіла да ўзнагароджання – званне «Студэнт года – 2018» заваявала студэнтка біялагічнага факультэта Кацярына Ільютчык. Яна ж была ўганаравана намінацыяй «Лэдзі дасканаласць».

Астатнія намінацыі размеркаваліся наступным чынам:

  • «Прызнаны лідар» – Лізавета Кірылюк (факультэт замежных моў);
  • «Шматгранная асоба» – Іван Дзяркач (гістарычны факультэт);
  • «Самы перспектыўны праект» – Дзіяна Несцярчук (сацыяльна-педагагічны факультэт);
  • «Мэтанакіраваная асоба» – Сяргей Кулак (факультэт фізічнага выхавання);
  • «Лепшы сацыяльны ролік» – Вікторыя Галавач (юрыдычны факультэт);
  • «Інтэлектуал года» – Ксенія Громік (геаграфічны факультэт);
  • «За глыбіню меркаванняў» – Алег Янчук (псіхолага-педагагічны факультэт);
  • «Годны пераемнік» – Сафія Удовенка (фізіка-матэматычны факультэт).

Прызы ўдзельнікам падрыхтавалі рэктарат універсітэта, прафсаюзны камітэт студэнтаў і камітэт БРСМ, а таксама спонсары: кампанія «Таксі Сіці», сетка піцэрый «PIZZA ITALIANA», караоке-рэстаран «Жэмчуг» і сетка кавярняў «Paragraph».

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: