XII Міжнародны конкурс аратарскага майстэрства «Цыцэроній»

24–25 красавіка 2014 года ў горадзе Мінску, на базе Акадэміі МУС, прайшоў XII Міжнародны конкурс аратарскага майстэрства «Цыцэроній». У ім прынялі ўдзел амаль 50 курсантаў і студэнтаў з Беларусі, Расіі, Туркменістана, Кітая, Сірыі, Японіі, Венесуэлы, Італіі.

БрДУ імя А.С.Пушкіна прадстаўлялі пераможцы ўніверсітэцкіх конкурсаў аратарскага майстэрства «Майстар слова–2014» і «Вучуся красамоўству –2014» (для замежных студэнтаў):

Таццяна Шыкунец, студэнтка 3-га курса псіхолага-педагагічнага факультэта (на фота – другая злева),

Алеся Сіманоўская, студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта (на фота – першая злева),

Аляксандра Суркова, студэнтка 2-га курса факультэта замежных моў (на фота – першая справа),

Солтан Авялекава, студэнтка 3-га курса фізіка-матэматычнага факультэта (на фота – другая справа).

Конкурс праходзіў у два этапы. В першым туры ўдзельнікі выступілі з троххвіліннай прамовай «Самыя значныя даты і падзеі года», а замежныя канкурсанты – з аповедам пра свае краіны, норавы і звычаі сваіх народаў. У межах  зададзенай тэмы аратары вызначылі для абмеркавання больш прыватныя пытанні. Так, Таццяна Шыкунец дзялілася ўражаннямі аб сваёй педагагічнай практыцы і сцвярджала, што ёй падабаецца прафесія настаўніка; Аляксандра Суркова усхвалявана гаварыла аб існаванні ў XXI стагоддзі расісцкай арганізацыі ку-клукс-клан; Алеся Сіманоўская расказала пра галівудскую зорку Одры Хэпбёрн, якая не толькі радавала гледачоў сваімі кінаролямі, але і актыўна займалася дабрачыннай дзейнасцю; Солтан Авялекава прыадкрыла таямніцы ўзораў на туркменскім дыване і паведаміла аб яго ролі ў жыцці кожнай туркменскай сям’і.

12 удзельнікаў, якія набралі максімум балаў, выйшлі ў фінал. Тут дзяўчатам прапанавалі заданні па культуры маўлення – на валоданне арфаэпічнымі, граматычнымі і лексічнымі нормамі рускай мовы.

Прыемна, што каманда нашага ўніверсітэта і ў гэтым годзе выступіла вельмі годна: прызёрамі конкурсу (3 месца) сталі Таццяна Шыкунец і Солтан Авялекава, лаўрэатам (9 месца) – Аляксандра Суркова.

Віншуем дзяўчат і жадаем ім новых перамог!

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

 

Падзяліцца: