Лінейка для выпускнікоў – 2014

29 мая 2014 года для студэнтаў-выпускнікоў дзесяці факультэтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна празвінеў апошні званок. Наш універсітэт, як бязмежная сонечная сістэма, з’яўляецца alma mater для вялікай колькасці разумных, таленавітых і крэатыўных студэнтаў. У гэтым годзе ў парадзе сузор’яў удзельнічала каля дзевяцісот зорак-выпускнікоў. Кожны з нас прайшоў нялёгкі шлях, каб заззяць на небасхіле ўніверсітэта, але ўсе мы справіліся “на выдатна”.

Адной з добрых традыцый лінейкі з’яўляецца падыманне сцяга БрДУ імя А.С.Пушкіна. Ганаровага права падняць яго ўдастоены студэнтка геаграфічнага факультэта Кацярына Маскаленка і студэнт юрыдычнага факультэта Эльдар Рамазанаў.

Яшчэ па адной добрай традыцыі на лінейцы выпускнікоў, якая ў гэтым годзе мела сімвалічную назву “Парад сузор’яў БрДУ”, кіраўніцтва ўніверсітэта ўзнагароджвае самых яркіх зорачак нашага ўніверсітэта.

Граматамі ўніверсітэта “За выдатную вучобу, актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце і ў творчым жыцці ўніверсітэта” рэктар Г.М.Сендзер узнагародзіла выпускніц Кацярыну Маскаленку (геаграфічны факультэт), Юлію Пятровіч (юрыдычны факультэт) і Вікторыю Мацуку (філалагічны факультэт).

Падзякай рэктара “За выдатную вучобу і актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце”  адзначаны Ганна Салавей (філалагічны факультэт), Таццяна Дарагакупец і Ганна Кунцэвіч (факультэт замежных моў), а таксама Кацярына Трафімчук (геаграфічны факультэт).

Падзякі рэктара “За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта”  ўдастоіліся Кацярына Басалай (біялагічны факультэт), Вольга Хоражава і Эльдар Рамазанаў (юрыдычны факультэт) і Вольга Чуманава (псіхолага- педагагічны факультэт).

Падзякі рэктара “За актыўны ўдзел у творчым жыцці ўніверсітэта, папулярызацыю інтэлектуальнага руху і годнае прадстаўленне БрДУ імя А.С.Пушкіна на абласным і рэспубліканскім узроўнях”  атрымалі выпускнікі гістарычнага факультэта Багдан Кучык і Віталь Мішчук.

Таксама падзякі рэктара “За актыўны ўдзел у творчым жыцці ўніверсітэта, стварэнне станоўчага іміджу ўніверсітэта і годнае прадстаўленне БрДУ імя А.С.Пушкіна на абласным і рэспубліканскім узроўнях” атрымалі Святлана Бялевіч (фізіка-матэматычны факультэт) і Алеся Гапановіч (біялагічны факультэт).

Не засталіся па-за ўвагай і спартыўныя зоркі нашага ўніверсітэта: падзякай рэктара “За высокія дасягненні ў спорце, годнае прадстаўленне ўніверсітэта на рэспубліканскім узроўні” адзначаны выпускніцы факультэта фізічнага выхавання Вікторыя Канановіч і Кацярына Арцюх.

Ад імя ўсіх студэнтаў падзяку выкладчыкам выказала выпускніца філалагічнага факультэта Вікторыя Мацука.

І вось наступіў хвалюючы і ўрачысты, адначасова радасны і сумны момант – для выпускнікоў нашай alma mater прагучаў сімвалічны апошні званок. Права апошняга званка далі выпускнікам універсітэта Юнусу Бекчанаву і Марыі Шмат.

Мы, выпускнікі 2014 года, жадаем нашаму ўніверсітэту шчасця, дабра і працвітання, і каб кожны год на яго небасхіле загараліся новыя і новыя зоркі! У добры шлях, дарагія сябры! Няхай вам заўсёды свеціць ваша шчаслівая зорка!

Кацярына Басалай,
біялагічны факультэт

Падзяліцца: