Абласны навукова-практычны семінар настаўнікаў-славеснікаў «Інавацыйныя прыёмы ў арганізацыі навучальнага працэсу на ўроках рускай літаратуры»

2 красавіка 2015 года на філалагічным факультэце ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» прайшоў абласны навукова-практычны семінар настаўнікаў-славеснікаў «Інавацыйныя прыёмы ў арганізацыі навучальнага працэсу на ўроках рускай літаратуры». Арганізатарамі семінара выступілі кафедра тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, Рускі цэнтр універсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкае аддзяленне Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Праблемнае поле семінара было звернута да ўрока рускай літаратуры з пазіцыі міждысцыплінарнага дыялогу, комплекснага падыходу да аналізу мастацкага твора, эфектыўнасці даследчай і праектнай дзейнасці на ўроках рускай літаратуры, факультатыўных занятках, у пазакласнай працы, выкладання рускай літаратуры ва ўмовах адкрытага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, а таксама да камунікатыўна-дзейнаснага зместу літаратурнай адукацыі.

Названы семінар з’яўляецца традыцыйным і праводзіцца сёмы раз. У гэтым годзе ён сабраў больш за 20 настаўнікаў-славеснікаў са школ і гімназій г. Брэста і вобласці, зацікаўленых у абмене вопытам і педагагічнымі адкрыццямі ў галіне выкладання рускага слоўнага мастацтва. Характэрна, што ў гэтым годзе семінар прайшоў у асаблівы дзень – Дзень яднання Расіі і Беларусі. А.М. Маслава, кіраўнік Брэсцкага аддзялення Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, павіншавала прысутных са святам. З прывітальным словам выступіла загадчык кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, куратар-каардынатар Рускага цэнтра Сянькевіч Т.В., якая адзначыла актуальнасць падобных мерапрыемстваў для рэалізацыі патрабаванняў сучаснага адукацыйнага працэсу.

З першага даклада семінар суправаджала ажыўленая дыскусія. Настаўнікі дзяліліся метадычнымі распрацоўкамі ўрокаў, абмяркоўвалі тэхналогіі выкладання літаратуры ў школе. Даклады суправаджаліся прэзентацыямі, выразнымі прыкладамі. У якасці слухачоў выступілі настаўнікі рускай мовы і літаратуры, выкладчыкі, студэнты філалагічнага факультэта ўніверсітэта.

На думку ўдзельнікаў, гэта мерапрыемства, якое стала традыцыйным, спрыяе развіццю і ўдасканаленню філалагічнай адукацыі ў ВНУ і школе, аказвае рэальную метадычную дапамогу настаўнікам-славеснікам і студэнтам-філолагам пры падрыхтоўцы да педагагічнай практыкі.

Аўтары: Юлія Юроўскіх, Міхаіл Радыванюк
Фота: Кацярына Нікіціна

Падзяліцца: