Геаграфія Перамогі

28-30 красавіка 2015 г. у Брэсце знаходзіліся ўдзельнікі аўтаэкспедыцыі «Геаграфія Перамогі», арганізаванай Пензенскім абласным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства пад кіраўніцтвам старшыні аддзялення Панцюшова Ігара Уладзіслававіча. У склад аўтаэкспедыцыі ўваходзяць дзесяць чалавек. Аўтапрабег стартаваў 24 красавіка 2015 г. Яго маршрут агульнай працягласцю 6800 км праходзіць праз 18 гарадоў Расіі і Беларусі. Падчас экспедыцыі ўдзельнікі наведваюць мемарыялы, ускладаюць кветкі да помнікаў, сустракаюцца з адміністрацыяй гарадоў, ветэранскімі арганізацыямі, вучнямі і студэнтамі.

У Брэст экспедыцыя прыбыла вечарам 28 красавіка 2015 г. Удзельнікаў аўтапрабегу прыняў валанцёрскі цэнтр МНС. На наступны дзень членаў РГТ чакала насычаная праграма. Раніцай адбыўся візіт у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Дэкан геаграфічнага факультэта і кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства І.В. Абрамава правяла экскурсію па ўніверсітэце і расказала пра факультэт.

Галоўнай тэмай для абмеркавання на сустрэчы ўдзельнікаў аўтапрабегу са студэнтамі стала юбілейная дата – 70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, з абменам меркаваннямі падчас жывой і цікавай гутаркі. У аўдыторыі, дзе праходзіла сустрэча, былі вывешаны малюнкі выхаванцаў Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя Татліна (г. Пенза), прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі аўтапрабегу перадалі малюнкі ў дарунак школьнікам Брэста.

Далей удзельнікі экспедыцыі накіраваліся ў Брэсцкі гарвыканкам, дзе яны сустрэліся з прадстаўнікамі гарадской адміністрацыі і членамі Брэсцкай гарадской арганізацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Незабыўнай для пензенцаў стала экскурсія па Брэсцкай крэпасці, падчас якой удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі вянок абаронцам Крэпасці. Пасля экскурсіі па крэпасці адбыўся тэлемост «Пенза-Брэсцкая крэпасць» з удзелам дырэктара мемарыяла Г.Г. Бысюка. Затым госці Брэста здзейснілі экскурсію па цэнтральнай частцы Брэста, якую правёў студэнт 4 курса геаграфічнага факультэта БрДУ Віталь Крываль.

Экспедыцыя «Геаграфія Перамогі» працягвае рух. Жадаем яе ўдзельнікам паспяховага праходжання вызначанага маршруту.

І.В. Абрамава

Падзяліцца: