У падарунак – падарожжа па Беларусі

30 красавіка замежныя студэнты адправіліся ў паездку па Гродзенскай вобласці. Такі падарунак яны атрымалі за актыўны ўдзел у Фестывалі замежных студэнтаў. Разам са студэнтамі падарожнічалі па Гродзенскай вобласці арганізатары паездкі – выкладчыкі кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Станіслава Каралевіч, Вольга Караба, Людміла Гадуйка і педагог дадатковай адукацыі студэнцкага клуба Зінаіда Ляўчук. Суправаджала экскурсію выпускніца гістарычнага факультэта Іна Міранюк, якая на працягу ўсёй паездкі расказвала пра багатую гісторыю і культуру Беларусі.

У вёсцы Сынкавічы (Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці) экскурсанты наведалі ўнікальную царква-крэпасць Святога Міхала Архангела XV ст. Храм з’яўляецца ўнікальным у сваім родзе помнікам дойлідства: тут мудрагелістым чынам спляліся Усход (рысы візантыйскай традыцыі) і Захад (готыка). Царква зрабіла на ўдзельнікаў экскурсіі моцнае ўражанне. Магутная архітэктура, байніцы, строгі, нават суровы выгляд. Унутраныя сцены ачышчаны ад алейнай фарбы (у савецкія гады тут быў склад), але ад гэтага глядзяцца яшчэ больш старажытнымі і велічнымі.

Затым адправіліся ў горад Бярозаўка (Лідскі раён Гродзенскай вобласці), на шклозавод «Нёман», дзе ўбачылі, як у распаленай печы працуюць шкловыдзімальшчыкі, пазнаёміліся з тэхналогіяй вырабу шкла і крышталю. Замежных студэнтаў заваражыла разнастайнасць формаў, кветак і адценняў прадукцыі, якая захоўваецца ў музеі завода ўжо больш за сто дваццаць гадоў.

Фінальным акордам паездкі стала наведванне г. Ліды, дзе ўдзельнікі экскурсіі акунуліся ў сярэднявечча. Горад славіцца сваім замкам, ініцыятарам ўзвядзення якога быў князь Вялікага Княства Літоўскага – Гедымін. У 1422 годзе ў замку балявалі з нагоды шлюбу састарэлага, 71-гадовага Ягайлы з 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай (яна была чацвёртай жонкай караля). Экскурсантам пашчасціла стаць удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення «Вяселле караля Ягайлы». Гасцінныя гаспадары таксама пачаставалі гасцей блінамі з духмяным чаем, правялі экскурсію па замкавай тэрыторыі, прапанавалі сярэднявечныя гульні і забавы.

Паездка атрымалася насычанай і змястоўнай. Усяго за адзін дзень удзельнікі экскурсіі даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра культуру і гісторыю Гродзенскай вобласці.

Студэнты-замежнікі шчыра ўдзячныя рэктарату ўніверсітэта і арганізатарам за гэта цікавае падарожжа.

Дзілраба Ішчанава, філалагічны факультэт

Падзяліцца: