Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця эстэтычнай адукацыі»

20 мая на псіхолага-педагагічным факультэце адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця эстэтычнай адукацыі».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай працы і эканоміцы УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна », кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Аляксандр Яўгенавіч Будзько.

У канферэнцыі прымалі ўдзел навукоўцы з УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка»; УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі»; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, НАН Рэспублiкi Беларусь, г. Мінск; ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі»; УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы»; Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя І. Франко; УА «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна»; УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»; выкладчыкі УА БДМК імя Р. Шырмы; педагогі філіяла кафедры ТМЭА ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Брэста», а таксама студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта; студэнты і магістранты псіхолага-педагагічнага, філалагічнага факультэтаў, студэнты Туркменістана, якія вучацца ў БрДУ імя А.С. Пушкіна; госці з Універсітэта ў Беластоку (РП).

Перад удзельнікамі канферэнцыі з музычным прывітаннем выступіў аркестр Беларускіх народных інструментаў УА «БДМК імя Р. Шырмы» (мастацкі кіраўнік і дырыжор А. Захарчук).

З дакладам «Развівальная функцыя музычнага мастацтва як педагагічная праблема» выступіла доктар педагагічных навук, дацэнт А.С. Палякова. Аб рэалізацыі інавацыйных адукацыйных праектаў як рэсурсе павышэння якасці мастацка-эстэтычнай адукацыі расказаў дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» кандыдат педагагічных навук, дацэнт М.Л. Кузьмініч. Р.А. Жабінскі, дырэктар УА «БДМК імя Р. Шырмы», у сваім дакладзе вызначыў асаблівасці сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыі на сучасным этапе.

Маральна-эстэтычныя аспекты маўлення прагучалі ў дакладзе дэкана псіхолага-педагагічнага факультэта, кандыдата філалагічных навук, дацэнта С.С. Кацэвіч. М.П. Жыгалава, доктар педагагічных навук, дацэнт выступіла з дакладам «Пазнанне духоўнага свету лірычнага героя як спосаб фарміравання маральна-эстэтычных якасцяў чытача». Педагагічны патэнцыял беларускай этнакультуры ў цэлым, этнакультуры Брэстчыны ў кантэксце фарміравання маральна-эстэтычных каштоўнасцей моладзі быў прадстаўлены ў дакладзе кандыдата педагагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Л.А. Захарчук.

У праграме канферэнцыі праведзены майстар-класы: «Дыялог культур як форма захавання этнатрадыцый ў полікультурным асяроддзі» (кандыдат педагагічных навук, дацэнт Л.С. Ляўчук); «Беларуская фіранка» (старшы выкладчык кафедры ТМЭА М.У. Марчук).

У ходзе пленарнага пасяджэння і ў працы секцый асвятляліся наступныя праблемы: інавацыйныя тэхналогіі і традыцыйныя формы музычна-эстэтычнага, мастацкага выхавання асобы; сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця педагогікі мастацтва, эстэтычнай адукацыі; праблемы захавання і развіцця фальклору, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, народных мастацкіх рамёстваў. На канферэнцыі вызначаны эстэтыка-педагагічны, практыка-арыентаваны падыходы ў мастацкай адукацыі школьнікаў і навучэнскай моладзі; агульнакультурная значнасць музычна-мастацкай, эстэтычнай адукацыі асобы.

Кафедра ТМЭА

Падзяліцца: