Прэзентацыя беларуска-польскіх выданняў

28 мая 2015 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася творчая сустрэча з загадчыкам кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктарам гістарычных навук Аляксандрам Мікалаевічам Вабішчэвічам, у ходзе якой была праведзена прэзентацыя выданняў «Польшча-Беларусь. Агульная гістарычная спадчына». У мерапрыемстве ўдзельнічалі выкладчыкі, студэнты, магістранты і аспіранты гістарычнага факультэта, работнікі ўстаноў культуры, журналісты.

На працягу апошніх гадоў у падрыхтоўцы гэтых архіўных даведнікаў, зборнікаў навуковых матэрыялаў удзельнічалі беларускія і польскія гісторыкі. У якасці сааўтара А.М. Вабішчэвіч прадставіў 2 тамы даведніка па архіўных матэрыялах 1918–1939 гг., якія былі выдадзены ў Варшаве ў 2013 і 2014 гг. Першы том гэтага выдання ўжо прэзентаваўся ў мінулым годзе для студэнтаў-гісторыкаў (гл. навіны ўніверсітэта ад 20.03.2014). Яго выступленне, прысвечанае характарыстыцы крыніц перыяду паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі ў фондах архіваў Брэста і Маладзечна, суправаджалася мультымедыйным паказам, выхадам у рэжыме онлайн у пошукавую электронную базу даных на беларускай і польскай мовах. Дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Г.Г. Карапузава звярнула ўвагу на практычную значнасць вынікаў дадзенага беларуска-польскага праекта для архіўных работнікаў і зацікаўленых карыстальнікаў. Дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Свірыд, выкладчык гэтай жа кафедры Н.В. Самасюк, старшы навуковы супрацоўнік археалагічнага музея «Бярэсце» В.М. Мярчук адзначылі карысць выданняў для далейшага даследавання розных бакоў жыцця заходнебеларускага грамадства ў міжваенны час, а таксама для краязнаўчай працы, індывідуальных пошукаў па генеалогіі. Галоўны рэдактар часопіса «Echa Polesia» А. Ярашэвіч прапанавала правесці прэзентацыю даведнікаў і на старонках гэтага польскамоўнага выдання. Усе прысутныя пажадалі А.М. Вабішчэвічу поспеху ў здзяйсненні новых творчых планаў.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: