Сустрэча прадпрымальнікаў у рамках праекта «Стварэнне трансгранічнай платформы«БІЗНЕСТРАНС»

28 мая 2015 г. ва ўніверсітэце адбылася сустрэча прадпрымальнікаў у рамках праекта МТД «Стварэнне трансгранічнай платформы «БІЗНЕСТРАНС» для заахвочвання і падтрымкі супрацоўніцтва паміж бізнесам і навуковымі ўстановамі з мэтай устанаўлення больш цесных узаемаадносін» (IPBU.01.01.00-06-717/11-00), які рэалізуецца сумесна з Вышэйшай дзяржаўнай школай імя Папы Яна Паўла II (Рэспубліка Польшча, г. Бяла-Падляска). Каардынатарам праекта з беларускага боку з’яўляецца Таццяна Сяргееўна Сілюк, загадчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі, кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

У працы сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі прыватных кампаній і фірмаў чатырох прыгранічных раёнаў Брэсцкай вобласці. Таксама на сустрэчу былі запрошаны каардынатар праекта з польскага боку Катажына Свярчэўская-Петрас і перакладчык праекта з польскага боку Ганна Богуш, прарэктар па навуковай працы і эканоміцы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Аляксандр Яўгенавіч Будзько, кіраўнік Прадстаўніцтва Сумеснага Тэхнічнага Сакратарыята Праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна» 2007-2013 гг. у г. Брэсце Максім Мікалаевіч Алданаў і загадчык сацыялагічнай вучэбна-метадычнай лабараторыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Святаслаў Ціханавіч Кавецкі. Медыйную падтрымку аказвала карэспандэнт тэлекампаніі «Буг» у г. Брэсце Анастасія Леанідаўна Наздрын-Платніцкая.

Падчас сустрэчы было праведзена анкетаванне яе ўдзельнікаў з мэтай высветліць умовы для развіцця прадпрымальніцтва ў Брэсцкай вобласці і прыгранічных раёнах, ацаніць прывабнасць розных фактараў для развіцця прадпрымальніцтва і эфектыўнасць мерапрыемстваў па садзейнічанні яго развіццю ў краіне, а таксама чаканні прадпрымальнікаў ад праекта. Атрыманая інфармацыя патрабуе далейшага аналізу з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага развіцця прыгранічных рэгіёнаў, што і будзе ажыццёўлена ў ходзе далейшай рэалізацыі праекта.

Потым была арганізавана дыскусія, падчас якой удзельнікі змаглі абмяняцца сваімі думкамі, візітоўкамі, карыснай інфармацыяй. Былі абмеркаваны магчымасці і бар’еры на шляху развіцця прадпрымальніцтва ў прыгранічных раёнах. У ходзе абмеркавання праблем прадпрымальніцкай супольнасці выступілі прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі кампаній. У межах сустрэчы сярод прадпрымальнікаў адбыўся абмен вопытам у сферы ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці на трансгранічнай тэрыторыі.

Падзяліцца: