З хронікі прафсаюзнага жыцця

У красавіку бягучага года ў г. Мінску ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў VIII З’езд Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (дэлегаты ад універсітэта: рэктар Г.М. Сендзер, старшыня прафкама работнікаў Л.Б. Чэлышава, старшыня прафкама студэнтаў Р.В. Чуль). 21-22 мая прайшоў VII З’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – адна з галоўных падзей у краіне з удзелам кіраўніка нашай дзяржавы А.Р. Лукашэнкі. Дэлегатамі з’езда ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сталі прадстаўнікі нашага ўніверсітэта: старшыня прафкама работнікаў Л.Б. Чэлышава і старшыня прафкама студэнтаў Р.В. Чуль.

Як пасля заўважылі многія журналісты: «З’езд пачаўся неяк па-асабліваму!» Гэтая асаблівасць заключалася ў зборы ўсіх дэлегатаў і ўдзельнікаў агульнарэспубліканскага мерапрыемства ля падножжа мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Нагадаем, што менавіта ФПБ ініцыявала поўную рэканструкцыю з мадэрнізацыяй гэтага помніка, у якім увекавечаны подзвіг вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ля кургана прайшоў урачысты мітынг і ўскладанне вянкоў ад дэлегацый усіх рэгіёнаў нашай краіны.

Галоўным днём з’езда стала 22 мая. Усе дэлегаты і ўдзельнікі былі ў чаканні выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Яно было працяглым і вельмі значным. Пачатак выступлення азнаменаваўся характарыстыкай прафсаюзаў як адной з апор грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Гэта самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны»  – адзначыў у сваім выступленні кіраўнік нашай дзяржавы.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на Дэкрэт № 5, працу кіраўнікоў, прыводзіў шмат канкрэтных прыкладаў. Асобую ролю прафсаюзаў А.Р. Лукашэнка бачыць ва ўдзеле ў вырашэнні надзённых праблем (кантроль за прадукцыйнасцю працы, яе ўмовамі, адказнасць за вынікі). «Прафсаюзам павінна быць справа да ўсяго» – канстатаваў А.Р. Лукашэнка. Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву абавязковага стварэння прафсаюзных ячэек ва ўсіх кампаніях і на ўсіх прадпрыемствах Беларусі, як з прыватнай, так і з дзяржаўнай формай уласнасці.

У працы цяперашняга форуму прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі дырэктарскага корпуса вядучых прадпрыемстваў, а таксама замежныя госці з 14 дзяржаў – лідары міжнародных прафсаюзных арганізацый.

Р.В. Чуль

Падзяліцца: