Усе мы звязаны гісторыяй нашай!

«Усе мы звязаны гісторыяй нашай!» – гэтыя словы сталі лейтматывам урачыстай лінейкі першакурснікаў, якая адбылася ва ўніверсітэце 1 верасня. Рабяты пераступілі парог БрДУ імя А.С. Пушкіна ў знамянальны год: універсітэт – аднагодак Вялікай Перамогі і святкуе 70-гадовы юбілей. У гэтым годзе рады студэнцтва ВНУ папоўнілі больш за 1300 юнакоў і дзяўчат. Менавіта ім трэба будзе ўпісаць новыя радкі ў гісторыю ўніверсітэта.

З прывітальным словам да пачаткоўцаў звярнулася рэктар БрДУ, доктар педагагічных навук, прафесар Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна павіншавала першакурснікаў са святам, а таксама паабяцала дапамогу ў вырашэнні розных складаных сітуацый, якія могуць узнікнуць падчас навучання.

Далучыліся да віншаванняў і госці свята, прадстаўнікі гарадской улады. Старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Сцяпанавіч Рагачук пажадаў студэнтам устанаўліваць свае рэкорды ў адукацыйнай, грамадскай, спартыўнай і творчай дзейнасці.

Ганаровае права падняць пад гукі гімна ўніверсітэта сцяг альма-матар было дадзена студэнту першага курса гістарычнага факультэта, пераможцу Рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, лаўрэату Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргею Жуку і студэнтцы першага курса факультэта фізічнага выхавання, пераможцы Кубка Рэспублікі Беларусь і прызёру чэмпіяната Рэспублікі Беларусь па валейболе 2015, кандыдату ў майстры спорту Вікторыі Паўлюковіч.

Разам з вядучымі Ганнай Канановіч (геаграфічны факультэт) і Валерыем Нескарадзяным (юрыдычны факультэт) пачаткоўцы змаглі пазнаёміцца з найважнейшымі вехамі ў гісторыі ВНУ. Акрамя гэтага, сімвалічныя лісты летапісу прадстаўнікі кіраўніцтва ўніверсітэта ўручылі кожнаму дэкану.

Свой творчы падарунак паднеслі студэнты-старшакурснікі Вячаслаў Гаўрылюк (гістарычны факультэт) і Мікалай Вабішчэвіч (факультэт фізічнага выхавання). Разам з фінальнымі акордамі песні ў выкананні Ірыны Замулко (гістарычны факультэт) першакурснікі адпусцілі ў неба белых галубоў як сімвал міру, дабра і шчасця. Хай ляцяць яны, ляцяць, і нідзе не сустракаюць перашкодаў!

Студэнцкі клуб

Падзяліцца: