Падары жыццё – стань донарам!

Даць іншым здаровую кроў могуць толькі тыя людзі,
якія надаюць належную ўвагу свайму здароўю
і не маюць залежнасцей!

15 верасня 2015 года ва ўніверсітэце прайшоў першы ў гэтым навучальным годзе Дзень донара, у якім традыцыйна прынялі актыўны ўдзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта. Часовы пункт забору крыві быў арганізаваны з 08.15 да 13.30 у спартыўным комплексе ўніверсітэта (пункт аховы здароўя № 2).

Згодна з патрабаваннямі Дзяржаўнай установы «Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві», донарам мог стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, а таксама замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, асобы, зарэгістраваныя не менш за 6 месяцаў у Брэсце, Жабінцы, Маларыце, Камянцы і гэтых раёнах.

Донар не прафесія, не праца, не рамяство, але гэтыя людзі дораць іншым тое, што не выпрацаваць ніякімі тэхналогіямі і не замяніць нічым іншым – сваю кроў. Не выпадкова імя ім Донар, ад лацінскага «donare», што абазначае «дарыць». Часта такі падарунак зберагае іншаму чалавеку жыццё.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю і аддзел арганізацыі аховы здароўя дзякуюць усім работнікам і студэнтам (усяго – 39 чалавек), якія не засталіся ўбаку і прынялі ўдзел у добраахвотніцкай акцыі. Асобная падзяка студэнтам-валанцёрам сацыяльна-педагагічнага факультэта Іне Цярковіч і Ганне Кавалевіч за суправаджэнне гэтага мерапрыемства.

Дзень Донара – дата, якая нагадвае ўсёй планеце аб тым, што дабро працягвае перамагаць, а любую хваробу можна пераадолець.

Педагог сацыяльны АВР Наталля Анатольеўна Вайтуховіч,
аддзел арганізацыі аховы здароўя

Падзяліцца: